У Міжнародны дзень лясоў у Палацы Рэспублікі адбылося ўрачыстае ўшанаванне ліквідатараў наступстваў ліпеньскай стыхіі. У ліку 200 работнікаў лясной гаспадаркі Беларусі, якія ўнеслі найбольшы ўклад у гэтую важную справу, трое — з Пастаўскага лясгаса.
Як толькі быў кінуты кліч аб дапамозе ў расчыстцы дарог, аднаўленні ліній электраперадачы і інфраструктуры, распрацоўцы бураломных лесасек у пацярпелых раёнах, неадкладна на яго адклікнуліся работнікі лясной гаспадаркі. У Жлобінскі лясгас першымі выехалі машыністы тралёвачных машын Пастаўскага лясгаса Віктар Мядзюха, Аляксандр Дзехцяронак і Генадзій Счасны. Мужчыны даўно асвоілі сучасную тэхніку і прафесійна ёй кіруюць. Ураган сапраўды наламаў дроў. Віктар і Аляксандр былі занятыя на нарыхтоўцы драўніны на пашкоджаных моцным ветрам лясных участках. Генадзій вывозіў нарыхтаванае да месца пагрузкі. Працаваць даводзілася ў складаных умовах: у спёку, мароз і снег, удалечыні ад дома і родных. Але пастаўчане не тыя, хто пасуе перад цяжкасцямі. Мабілізаваць сілы дапамагала асэнсаванне важнасці той справы, якую выконвалі. Спачатку парадак наводзілі ў Жлобінскім лясгасе, а затым — у Васілевіцкім Гомельскай вобласці. Кіраўніцтва мясцовых лясгасаў высока ацаніла старанне памочнікаў з Пастаўшчыны.
Запрашэнне ў сталіцу для Віктара Мядзюхі, Аляксандра Дзехцяронка і Генадзія Счаснага стала прыемнай нечаканасцю. Спачатку для вальшчыкаў лесу, аператараў шматаперацыйнай лесанарыхтоўчай тэхнікі, вадзіцеляў лесавозаў, майстроў, механізатараў была арганізавана экскурсія ў Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Перад пачаткам урачыстага мерапрыемства ў Палацы Рэспублікі быў прадэманстраваны фільм Міністэрства лясной гаспадаркі пра ліквідацыю наступстваў стыхіі. Прыемна было пачуць словы падзякі за працу ад міністра лясной гаспадаркі Аляксандра Куліка і атрымаць узнагароды і падарункі. Спадабалася і канцэртная праграма.

