Чэмпіянат Беларусі па футболе
Аднаго жадання мала
«Газавік» (Віцебск)–ФСК «Паставы» – 3:1
У мінулыя выхадныя гэты перанесены матч 2-га тура ў Віцебску стаў адзіным у паўночным дывізіёне. Пастаўчане выбралі для сябе гульню ад абароны і разлічвалі на хуткія контратакі. Такая тактыка сябе апраўдала. Саперніку не ўдавалася прабіцца на ўдарныя пазіцыі, і ўжо на 18-й хвіліне нашы дабіліся поспеху. Востры праход паўабаронцы Уладзіміра Камісарчука спынілі ў штрафной віцябчан з парушэннем правілаў. Наш атакуючы апорнік Кірыл Каралёнак з пенальці трапна прабіў у вугал варот — 0:1.
Паядынак абвастрыўся, да таго ж пайшоў зацяжны дождж. Каманды пачалі праводзіць узаемныя атакі. Актыўны на сваім флангу Уладзімір Камісарчук у канцоўцы тайма мог павялічыць лік на табло, але ўдарыў над перакладзінай. За гэта віцябчане двойчы пакаралі нашых. Спачатку яны зраўнялі лік са штрафнога ўдару, а мяч на шляху да варот зачапіў абаронцу пастаўчан. Акрылены сапернік неўзабаве правёў фланговую атаку і нікім не прыкрыты паўабаронца «Газавіка» Арцём Шубко вывеў сваю каманду наперад — 2:1.
У другой палове сустрэчы пастаўчане паспрабавалі адыграцца. На жаль, заключным ударам Аляксандра Звяругі і Дзмітрыя Кундры не хапіла дакладнасці. За 13 хвілін да фінальнага свістка пасля падачы вуглавога вызначыўся апорнік віцябчан Уладзіслаў Лебедзеў — 3:1. Пастаўчане маглі правесці гол прэстыжу, але стрэл з ходу Кірыла Каралёнка быў крыху недакладным.
Фаварыту першынства саступілі Бяляўцаў, Маршын, Голубеў (к), Пучынскі, Касенка, Камісарчук. Звяруга, Каралёнак, Жылевіч, Ясюковіч, Вілейта, на замену выходзілі Кундра, Хмяльніцкі, Мядзведзеў, Цыўнель, Дзеўгуць, Дадонаў.
Праз тры дні віцябчан дома чакала кубкавая сустрэча з клубам 1-й лігі — ФК «Астравец». Яшчэ два прадстаўнікі Віцебшчыны ўжо пакінулі гэты турнір: «Полацк-2019»—ФК «Баранавічы» — 0:5, ФК «Міёры»—«Ніва» (Даўбізна) — 0:4. У чэмпіянаце краіны пастаўчане, нягледзячы па паражэнне, з 3 ачкамі засталіся трэцімі ў турнірнай табліцы ўслед за міёрцамі і віцябчанамі, у якіх па 9 ачкоў. За намі ідуць палачане (3), а ФК «Сянно», «Гарадоцкія львы» і наш наступны сапернік на выез-
дзе — «Ніва» (Талачын) — пакуль не набралі ніводнага ачка. У сярэдняй групе «В» лідарам стаў «Чырвоны барэц» (Орша) — 9 балаў. У групе «С» наперадзе адразу тры каманды — з Шаркаўшчыны, Ушач, Докшыц, якія набралі па 6 ачкоў.
Уладзімір Шык

