Шчасце, памножанае на два, — яно прыйшло ў сям’ю Яўгенія і Алесі Лысёнкаў з аграгарадка Юнькі 22 жніўня 2023 года, калі нарадзіліся іх двайняты Дзяніс і Алег.
Разам Алеся з Жэнем ужо 10 гадоў. Пазнаёміліся ў сацыяльных сетках. Праз тыдзень віртуальных зносін сустрэліся і з таго часу неразлучныя. Сям’ю стварылі 3 гады назад. А неўзабаве Алеся даведалася, што цяжарная.
— Першае ж ультрагукавое даследаванне паказала двайнят, — успамінае маладая мама. — Паведаміўшы мне пра гэта, урач спытала, ці ёсць яны ў кагосьці яшчэ ў нашым родзе. А я так разгубілася — планавалі адно дзіця, а тут адразу два! — кажу: «Не ведаю… не памятаю…» Выйшла з кабінета — стала тэлефанаваць Жэню. Плакала, расказваючы яму, не разумела, ад радасці ці ад чагосьці яшчэ. Муж быў шчаслівы. А вось родныя спачатку не паверылі: мы столькі гадоў разам, і раптам я цяжарная, ды яшчэ двайнятамі.
Тое, што ў іх будуць хлопчыкі, стала вядома пасля другога скрынінгу. Гэта яшчэ больш абрадавала Алесю з Жэнем. Абодва яны хацелі, каб першынцам быў сын. «І Усявышні пачуў нашы пажаданні — даў кожнаму па дзіцяці», — жартуюць сёння Лысёнкі.
Канешне, паднімаць адразу двух дзяцей няпроста. Але маладой сям’і падстаўляюць плячо родныя.
— Вельмі дапамагаюць мае і Жэневы бацькі, — гаварыла Алеся. — І дома штосьці зрабіць, і з унукамі пасядзець, калі мне трэба кудысьці адлучыцца, і на агародзе ўправіцца. Асабліва часта бывае свёкар, бо гэта дом яго бацькоў, якія ўжо памерлі. Пасля вяселля яго аддалі нам. Цяпер заканчваем унутры рамонт, газ і іншыя камунікацыі даўно праведзеныя. А да пераезду ў Юнькі мы здымалі кватэру ў Паставах. Вялікая дапамога і ад дзяржавы. Штомесяц атрымліваем на дзяцей больш за 1 800 рублёў. Паколькі ў нас двайняты, маем права на бясплатнае дзіцячае харчаванне, пакуль малым не споўнілася 2 гады. Акрамя таго, карыстаемся паслугамі сацыяльнай няні. Яна прыходзіць на 4 гадзіны 5 разоў на тыдзень. Раней няняй была дзяўчына з ТЦСАН. А калі пераехалі ў Юнькі, на гэту пасаду аформілася сястра Жэні.
І ўсё ж найбольшая дапамога для Алесі — муж. Ён і розную хатнюю работу выканае, і з малымі пагуляе. Пры тым што вольнага часу мае няшмат, бо працуе оперупаўнаважаным аддзялення крымінальнага вышуку Пастаўскага РАУС. Алеся прызнаецца: раней не разумела выраз «Галоўнае — правільна выйсці замуж». Яго сутнасць раскрылася толькі тады, калі нарадзіліся дзеці.
Хлопчыкі Лысёнкаў — рознаяйкавыя блізняты, яны адрозніваюцца і знешне, і па характары. Алег тварам падобны на Жэню і яго блізкіх. Ды і названы ў гонар прадзеда, які ў свой час працаваў у Дзяржаўтаінспекцыі, прымаў удзел у ліквідацыі аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Малы вельмі актыўны, цікаўны, для яго не існуе перашкод і слоў «стоп» і «нельга». Дзяніс больш спакойны і ласкавы, але можа зрабіць штосьці цішком і назіраць за рэакцыяй дарослых. Знешне ён падобны на Алесю і яе сям’ю. Пры гэтым Алег больш цягнецца да маці, а Дзяніс — да бацькі. Нягледзячы на розныя характары, браты дружныя між сабой, хоць, бывае, задзіраюцца, не падзяліўшы цацку.
У будучым Алеся з Жэнем хацелі б мець яшчэ дзяўчынку. Упэўненыя, фінансава змогуць падняць траіх дзяцей. Але з нараджэннем трэцяга малога не спяшаюцца: трэба падгадаваць першынцаў, даць ім максімум бацькоўскай любові і клопату.
Алена Шапавалава

