У адзін з майскіх дзён галоўны інжынер ААТ «Ярэва-агра» Сяргей Скурацёнак адзначыў сваё 60-годдзе. Павіншаваць яго з гэтай датай адправіліся прафсаюзны лідар аграрыяў Васілій Катовіч і галоўны спецыяліст аддзела арганізацыі сельскагаспадарчай вытворчасці ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Павел Скрыдлеўскі. Юбіляра знайшлі на чыгунцы ў Паставах, дзе вялася распампоўка карбаміда-аміячнай сумесі, якую гаспадарка атрымала для падкормкі сельскагаспадарчых культур.
— Як хутка ляцяць гады! — гаварыў, паціскаючы руку імянінніку, Павел Скрыдлеўскі. — Здаецца, зусім нядаўна мы з табой вучыліся ў ярэўскай школе, былі гарэзамі, а ўжо колькі сівых валасоў маем…
Сяргей Скурацёнак нарадзіўся ў Какчатаўскай вобласці (Казахстан), куды яго бацькі выехалі з невялічкай вёскі Родзі, што недалёка ад Ярэва, на асваенне цалінных зямель. Але ўрэшце зразумелі, што няма нічога даражэйшага за родны куток. Хлопчыку было 5 гадоў, калі сям’я вярнулася на Бацькаўшчыну. З таго часу жыццё Сяргея непарыўна звязана з ярэўскімі землямі. Спачатку іх апрацоўваў, а гадоў 20 таму ўзначаліў інжынерную службу. Машынна-трактарны парк гаспадаркі невялікі, некаторая тэхніка зношаная, малавата механізатарскіх кадраў. Праблем у рабоце хапае. Нярэдка здараюцца форс-мажорныя сітуацыі. Вырашаць іх часта дапамагаюць дырэктар сельгаспрадпрыемства Раман Вырвіч, спецыялісты ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама.
Май для Сяргея Скурацёнка насычаны добрымі падзеямі. 12-га яны з жонкай Наталляй, якая працуе бухгалтарам, адзначылі 35-годдзе з дня вяселля. Сумеснае жыццё сям’я пачынала ў добраўпарадкаванай кватэры ў Ярэве. Потым купілі дом у Мольдзевічах. У гасцях у бацькоў любяць бываць дачка Анжэла з зяцем і сын Вадзім. А асаблівая радасць для ўсіх — шасцігадовы ўнучок Саша.
— Лёс заўсёды вяртаў мяне на зямлю бацькоў, дзядоў, — гаварыў Сяргей Генадзьевіч. — Калі праходзіў тэрміновую службу ў Батумі, была прапанова там застацца. Але мяне цягнула ў дарагія сэрцу мясціны.
Анна Анішкевіч

