Юныя пастаўчане прынялі першую святую Камунію

Духовность

Звычайна ў майскія дні каля касцёлаў Беларусі можна бачыць дзетак, апранутых у белае адзенне. Гэта тыя, хто ўпершыню прыняў у сваё сэрца Езуса ў выглядзе белай гостыі. Традыцыйна першая святая Камунія адбываецца ў перыяд ад Нядзелі Змёртвыхпаўстання Пана да ўрачыстасці Спаслання Духа Святога.

Юныя пастаўчане прынялі першую святую Камунію

У першыя вякі хрысціянства сакраманты Хросту, Канфірмацыі і першай Камуніі ўдзялялі адначасова. Пазней іх прыняцце было раздзелена, і сёння яны ўдзяляюцца ў розным узросце. Такім чынам Касцёл жадае падкрэсліць важ­насць кожнага з іх, а таксама тое, што кожны сакрамант з’яўляецца асаблівым і непаўторным. Да сакраманту першай Камуніі дзеці звычайна рыхтуюцца два гады, з дапамогай святароў, катэхетак пазнаюць праўду веры і атрымліваюць адказы на многія пытанні адносна Бога, чалавека, Сусвету і г.д.

Люблю прысутнічаць на ўрачыстасці першай сустрэчы дзяцей з Езусам у Эўхарыстыі. Вельмі кранальна бачыць, як яны з хваляваннем укленчваюць перад Хрыстом, утоеным у маленькай гостыі. К гэтай падзеі кожная святыня ўпрыгожваецца мноствам кветак. У парафіі Святога Антонія Падуанскага рыхтуе дэкарацыі сястра Канстанцыя. Колькі часу і фантазіі яна ўкладае ў кожны букет і кожную кветкавую кампазіцыю! Парафіяне маюць магчы­масць любавацца імі доўгі час.

Юныя пастаўчане прынялі першую святую Камунію

Пасля прыняцця першай Камуніі дзеці на працягу тыдня, які называецца белым, удзельнічаюць у святой Імшы, атрымліваюць падарункі. Але мінае час, і прысут­насць дзетак у касцёле змяншаецца. Хочацца ж, каб зерне, закладзенае ў дзіцячыя сэрцы, прарастала, каб маладыя не збочвалі са шляху веры, не саромеліся і вызнавалі яе сярод сяброў і знаёмых. І гэта ўжо залежыць ад бацькоў, ад іх прыкладу штодзённай малітвы, удзелу ў нядзельнай святой Імшы, прыняцця святых сакрамантаў і іншых рэлігійных практык. А вучыцца шанаваць дары Бога — справа кожнага чалавека на працягу ўсяго жыцця.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.