Беларусь — адна з нямногіх краін свету, у аснове палітыкі якіх ляжыць клопат пра чалавека. У нас створана цэлая сістэма сацыяльных гарантый, якая ахоплівае ўсе этапы жыцця — ад маленства да старасці. Асаблівую ўвагу дзяржава ўдзяляе сем’ям з дзецьмі.
У рэспубліцы штогод узмацняецца падтрымка такіх сем’яў. Расце памер дапамог жанчынам па цяжарнасці і родах, на дзяцей ва ўзросце да 3 гадоў і дзяцей-інвалідаў. Шэраг ільгот маюць шматдзетныя сем’і. У адпаведнасці з заканадаўствам, яны могуць узяць ільготны крэдыт на будаўніцтва жылля, атрымаць участак для ўзвядзення загараднага дома, менш плацяць за камунальныя паслугі. Таксама шматдзетныя бацькі вызваляюцца ад платы зямельнага падатку і падатку на нерухомасць, маюць права на дадатковы аплачаны выхадны штотыдзень. Іх дзеці бясплатна харчуюцца ў школе, а плата за харчаванне ў дзіцячых садах зменшана напалову. 50-працэнтнай з’яўляецца і плата за карыстанне школьнымі падручнікамі.
З 2015 года сем’ям, у якіх выхоўваюцца трое і больш дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў, назначаецца сямейны капітал. Зараз ён складае 33 тысячы 275 рублёў. Яго можна выкарыстаць на паляпшэнне жыллёвых умоў, атрыманне платнай адукацыі і платных медыцынскіх паслуг. Толькі на Пастаўшчыне за 10 гадоў сямейны капітал назначаны 577 сем’ям.
Калі гаварыць пра дзень сённяшні, то цяпер у Пастаўскім раёне пражывае 474 шматдзетныя сям’і. Усе яны на ўліку ў тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і адчуваюць пастаянны клопат з яго боку. Клапоціцца гэта ўстанова і пра сем’і з дзецьмі-інвалідамі, якіх у нас 144, сем’і з непаўналетнімі, што знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы (на дадзены момант іх 41), і сем’і, якія трапілі ў складаную жыццёвую сітуацыю (31). Названым катэгорыям аказваецца дзяржаўная адрасная, з Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва і гуманітарная дапамога. Шматдзетныя атрымліваюць таксама аднаразовую матэрыяльную дапамогу на падрыхтоўку дзяцей да школы. Летась яе агульная сума склала амаль 125 тысяч рублёў.
У штаце ТЦСАН ёсць псіхолаг, які ў выпадку неабходнасці працуе з сем’ямі, і каля 10 сацыяльных нянь. Яны назначаюцца ў дапамогу бацькам, у якіх нарадзіліся двайняты або трайняты, і сем’ям з дзецьмі-інвалідамі ва ўзросце да 18 гадоў. Паслугі гэтых спецыялістаў бясплатныя і вельмі запатрабаваныя.
Алена Шапавалава

