З ранняй вясны да позняй восені яркім цвіценнем прыцягваюць да сябе ўвагу прахожых агародчыкі перад двума суседнімі дамамі па вуліцы Ленінскай — №39 і №45. У адным жыве Святлана Мядзельская, у другім — Марыя Касцень. Абедзве пенсійнага ўзросту, аб’ядноўвае іх і захапленне кветкаводствам і агародніцтвам. Пра раскошныя хрызантэмы Святланы Мядзельскай я пісала мінулай восенню, быў у газеце і іх здымак. Сёння яе агародчык квітнее цюльпанамі і браткамі.
— У мяне больш сціпла, — заўважае Марыя Вайцехаўна. А я тым часам любуюся ў яе агародчыку белымі, жоўтымі, фіялетавымі дыванкамі кветак, назвы якіх не ведаю, цюльпанамі, браткамі, бачу кусцікі іншых шматгадовых, якія набіраюць сілу, каб неўзабаве расквітнець.
За домам — невялікі ўчастак, адведзены пад агародніну, яшчэ адзін заняты клубніцамі і парніком, на астатняй даволі вялікай плошчы — кветкі, кветкі, кветкі…
— Як спраўляецеся дагледзець іх? — пытаюся ў гаспадыні.
— Цяжкавата, — прызнаецца жанчына. — Некалькі гадоў назад перанесла аперацыю, здароўе слабае. І дапамагчы няма каму: муж адышоў у іншы свет, адзіная дачка з сям’ёй жыве ў Мінску, прыязджае рэдка.
Але спраўляецца! Нават вырошчвае расаду кветак і агародніны на продаж. Пенсія невялікая, таму кожны выручаны рубель вельмі дарэчы.
Цікава, што сёлетняй вясной у суседак з’явіўся агульны «гадаванец». Кожную раніцу ў двор Марыі Касцень прылятае бусел з гнязда, збудаванага на слупе непадалёк. Святлана купляе для птушкі скуркі ад свінога сала, Марыя варыць іх і частуе птушку. Не адмаўляецца крылаты госць і ад рыбы, каўбасы, бліноў. Здараецца, патопча раслінкі, але нават гэта даруецца яму.
Ну як тут не падумаць пра тое, што толькі добрыя, спагадныя людзі здольныя так цесна яднацца з прыродай?
Фаіна Касаткіна




