Чэмпіянат Беларусі па футболе. «Полацк-2019»–ФСК «Паставы» – 6:1

Спорт и туризм

«Полацк-2019»–ФСК «Паставы» – 6:1

На станоўчы вынік у гэтым важным матчы, які завяршаў першы круг першынства, наша каманда не разлічвала, бо з траўмамі зараз знаходзяцца не толькі два варатары, але і пяцёра вядучых ігракоў. Сапернік, наадварот, не меў кадравых праблем, сёлета яшчэ больш узмацніў свой склад і паставіў на сезон высокія мэты. У ходзе сустрэчы супраць нас гулялі чацвёра тэхнічных і скорасных афрыканскіх легіянераў. Няпроста было змагацца і з трыма мінчанамі з лігі D-медыя, якія прыйшлі ў Полацк.

ФСК «Паставы» на найважнейшыя пазіцыі прыйшлося выставіць футбалістаў іншых амплуа. Нягледзячы на ўсе цяжкасці, нашы ігракі першыя трэць гадзіны гулялі з моцным сапернікам на роўных. Пасля некалькіх вострых атак палачане трывала завалодалі ініцыятывай. На 19-й хвіліне іх капітан Эльвін Аліеў з убойнай пазіцыі адкрыў лік. Тут жа апорнік пастаўчан Кірыл Цыўнель мог адыграцца, але стрэліў побач са штангай.

У канцоўцы тайма націск полацкай каманды яшчэ больш узмацніўся. Амаль двухметровы гігант з Конга Кібамбе Осее на хуткасці адгукнуўся на прастрэльны пас і падвоіў перавагу. Пастаўчане змагаліся з апошніх сіл, але за 7 хвілін да перапынку зноў прапусцілі мяч. Вопытны сталічны легіянер Андрэй Каламіцкі ўдарыў са штрафнога ў абыход сценкі ў верхні вугал варот — 3:0. Пакуль нашы апамятаваліся, высокі кангалезец у скачку ўдарам галавой вызначыўся яшчэ раз. У крытычнай сітуацыі нашы не зламаліся, правялі на 41-й хвіліне ўзорную камбінацыю, а форвард Яўген Ясюковіч скараціў розніцу ў ліку — 4:1.

Чэмпіянат Беларусі па футболе. «Полацк-2019»–ФСК «Паставы» – 6:1

У другім тайме прадоўжыўся адкрыты футбол. Да фінальнага свістка пастаўчане ішлі наперад, дабіліся выдалення ў палачан, але больш пашчасціла саперніку. Спачатку на дабіванні вызначыўся яшчэ адзін афрыканец Нгінсан Арол, а канчатковую кропку з пенальці паставіў Кібамбе Осее і з 7 забітымі мячамі ў сезоне стаў найлепшым бамбар­дзірам на Віцебшчыне.

На выездзе ў Полацку саступілі Бяляўцаў, Кундра, Маршын (Дадонаў), Камісарчук(к) (Касенка), Пучынскі, Цыўнель (Мілто), Кабяк (Абалевіч), Мядзведзеў (Жылевіч), Ясюковіч, Вілейта.

У 7-м туры недаацэнка саперніка дорага каштавала лідару — «Газавіку» (Віцебск), які дома прайграў (0:1) ФК «Сянно». Каманда Міёр на сваім полі са звышбуйным лікам 17:0 абыграла «Ніву» (Талачын). У другой групе «В» аршанцы на выездзе з лікам 1:0 адолелі «Дзвіну» (Верхнядзвінск). Тры сустрэчы ў падгрупе «С» прынеслі такія вынікі: ФК «Шаркаўшчына»—ФК «Лёзна» — 2:3, «Дрывяціч» (Браслаў)—
«Дзвіна» (Бешанковічы) — 9:1, ФК «Шуміліна»—ФК «Докшыцы» — 2:3.

Уладзімір Шык



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.