У мінулыя выхадныя ў паўночным дывізіёне 2-й лігі ў гульнявой праграме 5-га тура адбылося 8 паядынкаў. Адну сустрэчу групы «С» у Бешанковічах перанеслі на рэзервовы дзень. З-за няцотнай колькасці каманд-удзельніц у наймацнейшай падгрупе «А» наш ФСК «Паставы» быў свабодны ад гульняў. Пастаўчане паспяхова прайшлі трэцюю частку турніру, замацаваліся ў тройцы лідараў, хоць з-за рэканструкцыі гарадскога стадыёна дома яшчэ не згулялі. Яны сачылі за выступленнямі сапернікаў, а найперш за супрацьстаяннем двух фаварытаў першынства. У абласным цэнтры сярэбраны прызёр і ўладальнік Кубка вобласці — ФК «Міёры» — на роўных змагаўся з дзеючым чэмпіёнам — віцебскім «Газавіком». Лёс напружанага паядынку вырашыў адзіны мяч, які на 62-й хвіліне правёў у вароты міёрцаў паўабаронца віцябчан Кірыл Банькоў.
Драматычна праходзіла сустрэча ў Полацку, дзе мясцовая каманда да перапынку саступала сенненцам з розніцай у два мячы. У другім тайме «Полацк-2019» памяняў тактыку, завалодаў ініцыятывай і ў канцоўцы вырваў валявую перамогу з лікам 3:2. Перад фінальным свістком двойчы вызначыўся высакарослы полацкі легіянер з Конга. Наш наступны сапернік з Гарадка на сваім полі пераканаўча разабраўся (6:0) з камандай Талачына. Пастаўчан у наступным туры там чакае няпросты і важны паядынак. З 15 ачкамі лідзіруе ў чэмпіянаце «Газавік» (Віцебск). На 6 балаў адстае ад фаварыта ФК «Міёры», але мае, як і нашы, гульню ў запасе. У трох каманд — ФСК «Паставы», «Гарадоцкія львы» і «Полацк-2019» — па 6 ачкоў, а замыкаюць турнірную табліцу ФК «Сянно» і «Ніва» (Талачын), якія не набралі пакуль ніводнага бала.
У сярэдняй групе «С» прайшлі тры матчы: «Ураджай» (Віцебскі р-н)—«Дзвіна» (Верхнядзвінск) — 3:4, «Чырвоны барэц» (Орша)—ФК «Лепель» — 6:0, ФК «Глыбокае»—ФК «Чашнікі» — 0:0. Наперадзе ў ёй аршанцы (12 ачкоў), за імі ідуць футбалісты з Верхнядзвінска (9), Глыбокага (8), Чашнікаў і Лепеля (па 4 ачкі), Віцебскага раёна (3 ачкі). Без нечаканасцей завяршыліся паядынкі ў падгрупе «С», у якіх дамінавалі гаспадары поля: «Партызан» (Ушачы)—«Дрывяціч» (Браслаў) — 5:2, ФК «Шаркаўшчына»—ФК «Шуміліна» — 2:1. У гэтай групе лідарам стала каманда з Ушач (12 ачкоў), за ёй размясціліся калектывы з Шаркаўшчыны і Докшыц (па 9), Браслава (4), Шуміліна (3), Лёзна і Бешанковіч (па 1 ачку).
Уладзімір Шык

