Менш за месяц застаецца да пачатку ўнікальнага маштабнага культурнага форуму «Славянскі базар у Віцебску». Ён пройдзе з 8 па 14 ліпеня. Пра гэта — у інтэрв’ю з начальнікам аддзела культуры райвыканкама Ірынай Лойкай.
— Ірына Францаўна, чым адметнае сёлетняе свята ў Віцебску?
— «Славянскі базар» — гэта народны творчы брэнд Беларусі. На ім, як і на ўсіх культурных мерапрыемствах, што ладзяцца сёлета ў нашай краіне, шмат увагі будзе ўдзелена 80-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. А сяброўства народаў Беларусі і Расіі яшчэ раз пацвердзяць Дні Саюзнай дзяржавы. На сцэне Летняга амфітэатра будуць адначасова граць Прэзідэнцкі аркестр Рэспублікі Беларусь і Прэзідэнцкі аркестр Службы каменданта Маскоўскага Крамля Федэральнай службы аховы Расійскай Федэрацыі. Этнічныя ноткі ў праграму свята ўнясе ансамбль казацкай песні. На фестываль чакаецца прыезд гасцей з 80 краін свету. Урачыстае адкрыццё пройдзе ў Летнім амфітэатры. Віцебскі форум мастацтваў сімвалізуе культурнае адзінства і сяброўства паміж славянскімі народамі. Ужо больш за 30 гадоў ён спрыяе ўмацаванню духоўных сувязей, пашырэнню творчых даляглядаў, папулярызацыі і захаванню народных традыцый.
— Якія мерапрыемствы лічыце найбольш цікавымі?
— Фанфары «Славянскага базару ў Віцебску» зазвіняць ў 34-ы раз. Папулярнасць свята расце. Традыцыйна будзе вялікая колькасць мерапрыемстваў: Віцебск на тыдзень ператворыцца ў адзіную фестывальную пляцоўку. Кожны дзень — свая насычаная праграма, разлічаная на гледача рознага ўзросту. У яе ўключаны гала-канцэрты ў Летнім амфітэатры, сольныя зорак эстрады — у канцэртнай зале «Віцебск», «Тэатральныя сустрэчы», «Лялечны квартал», свята харавой музыкі «Славянскі благавест», танцавальны праект Dream Dance Fest, фэст вулічнага мастацтва «На сямі вятрах», выставачныя арт-праекты, музейныя экспазіцыі і многае іншае. Галоўная інтрыга фестывалю — конкурс маладых выканаўцаў. Для сябе можна выбраць або сур’ёзныя мерапрыемствы, або забаўляльныя, дзіцячыя ці юнацкія, на адкрытым паветры або ў закрытых залах, тэатральныя ці філарманічныя. Не сумняваюся ў тым, што куды ні заглянуць госці фестывалю, усюды будзе крута і класна.
— Ірына Францаўна, а Пастаўшчына будзе прадстаўлена?
— Абавязкова! Сёлета, як і кожны год, у «Славянскім базары ў Віцебску» будуць удзельнічаць майстры Дома рамёстваў. Таццяна Петух, Крысціна Брэская і Алена Крывенька рыхтуюцца прэзентаваць сваю творчасць на кірмашы рамёстваў «Горад майстроў». А Таццяна Мікалаеўна прадставіць свае выцінанкі на адкрытым абласным свяце-конкурсе «Ажурныя мары-2025». На ім свае работы, разнастайнасць стыляў, тэхнік і тэматык будуць дэманстраваць канкурсанты з усіх рэгіёнаў Беларусі і зарубежжа.
На пляцоўку міжнароднага турніру нацыянальных танцаў «Танчым разам» выйдуць і тры пары пастаўчан.
«Славянскі базар у Віцебску» — гэта не толькі свята нацыянальных песень, танцаў, але і кухань. Кожны раён рыхтуе свой падворак. Прэзентаваць Пастаўшчыну будуць работнікі Цэнтра культуры і народнай творчасці Пастаўскага раёна разам з яго дырэктарам Ксеніяй Грэськай. Музычнае суправаджэнне забяспечыць ансамбль народнай музыкі і песні «Заранка» Варапаеўскай дзіцячай школы мастацтваў.
Ведаю, што вельмі шмат жыхароў Пастаўшчыны адправіцца на «Славянскі базар» у якасці гледачоў. Упэўненая, кожны знойдзе для сябе штосьці цікавае.
Гутарыла Анна Анішкевіч

