21 лістапада на Пастаўшчыне адбудзецца абласное свята-конкурс вясельных абрадаў Віцебшчыны “Вялікая вясельніца – 2026”, у якім прымуць удзел 19 раёнаў вобласці.
Свята-конкурс праводзіцца з мэтай адраджэння, захаванняі папулярызацыі традыцыйных вясельных абрадаў, трансфармацыі ў сучасных умовах; падтрымкі і стымулявання фальклорных калектываў вобласці, перадачы жыццёвага, духоўнага вопыту.
9.30 – на базе Юнькаўскага сельскага Дома культуры разгарнецца рэканструкцыя вяселля пачатку XXстагоддзя. Скарбніцу традыцый Віцебшчыны прадставяць унікальныя элементы нематэрыяльнай культурнай спадчыны, унесеныя ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь:
- традыцыйныя вясельныя звычаі Дубровенскага раёна (этап вяселля “Ганяць сучку”);
- традыцыйныя карагоды і танцы Талачынскага раёна (школа фальклорнага танца “Талачынскія закаблукі ”ДУК “Талачынскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”).
Далей мерапрыемства будзе працягвацца ў г.Паставы:
11.40 – выстава ў Доме рамёстваў “Стары млын”;
12.00 – у фае Пастаўскага раённага Дома культуры адбудзецца:
- прэзентацыя вясельных караваяў сваёй мясцовасці “Вясельны каравай”. Гэта знаёмства з падрыхтоўкай абрадавых хлябоў, якія надзяляліся магічнымі здольнасцямі: “забяспечыць шчасце маладым, паслаць ім дзяцей”, разам з тым верылі, што яны маглі зрабіць шчаслівымі ўсіх, хто іх паспытаў;
- выстава-прэзентацыя “Пасаг маладой і маладога”.Пасаг у народзе лічыўся паказчыкам майстэрства і працавітасці нявесты, дабрабыту яе сям’і. Гэта быў сапраўдны куфар са скарбамі!
13.30 – у сцэнічных умовах Пастаўскага раённага Дома культуры пройдуць рэканструкцыі этапаў вяселля з усёй Віцебшчыны “Беларускае вяселле”;
- у намінацыі “Вясельныя песні” ўдзельнікі прадставяць мясцовыя вясельныя песні свайго рэгіёна.
Сям’я – аснова грамадства ў любым этнасе ў розныя гістарычныя эпохі, таму стварэнне новай сям’і ў выніку шлюбу заўсёды было важнай падзеяй у кожнага народа. Прыязджайце ўсёй сям’ёй, запрашайце сяброў на вялікае свята вясельных традыцый Віцебшчыны ў Паставах!

