Напрыканцы мая ў Полацку прайшоў літаратурны форум «Цэнтр Еўропы». У ім удзельнічала 107 аўтараў з Беларусі, Расіі, Казахстана, Балгарыі, Кыргызстана, Татарстана, Башкартастана. У іх лік пашчасціла трапіць і пяці прадстаўнікам нашага аматарскага літаратурнага аб’яднання «Світанак».
Незабыўныя ўражанні пакінула творчасць ганаровага старшыні журы, народнага артыста Расіі Віктара Нікіціна, прэзентацыя літаратурна-мастацкага часопіса «Масква», кніжная выстаўка-кірмаш, аглядная экскурсія па Полацку.
Кульмінацыяй форуму стаў літаратурна-сцэнічны конкурс «Паэт-артыст», пераможцы якога атрымалі дыпломы і памятныя прызы. З дыпломамі рознай вартасці вярнуліся дадому і мы. Па-першае, усе адзначаны імі як фіналісты конкурсу. Па-другое, вызначыліся ў розных намінацыях. Вольга Лісіцкая заняла 1-е месца ў намінацыі «Малая проза» на прыз глядацкіх сімпатый і 3-е — па выніках конкурсу ў гэтай жа намінацыі, Марына Трушына — 2-е і 3-е месцы ў намінацыі «Сияние монастыря у церкви Спаса». Я адзначана дыпломам за яркую тэатральную метафарычнасць. Сафія Скабёлкіна, якая стала фіналістам конкурсу аж у трох намінацыях — «Паэзія», «Языком Я. Купалы и Я. Коласа» и «Сияние монастыря у церкви Спаса» — удастоена дыплома I ступені на прыз глядацкіх сімпатый.
Віншую пераможцаў! Ганаруся ўсімі ўдзельнікамі нашага аб’яднання і жадаю ім новых творчых поспехаў!
Марына Кавалёнак, кіраўнік аматарскага літаратурнага аб’яднання «Світанак» пры Цэнтры культуры і народнай творчасці Пастаўскага раёна

