У кожнага чалавека ёсць найдаражэйшы сэрцу куточак, куды мы пастаянна вяртаемся ў думках і куды хочацца прыязджаць зноў і зноў, які дае сілы. Для пісьменніка і краязнаўца Ігара Пракаповіча такой мясцінай стала вёска Шыкавічы Мядзельскага раёна, дзе жылі яго дзяды і прадзеды, дзе і сёння беражліва захоўваецца бацькоўская хата.
У Шыкавічы ў спёку і завеі
На крылах памяці ізноў
душа ляціць,
Каб ажывіць пачуцці і надзеі
І каб успомніць слова «жыць».
Гэтымі вершаванымі радкамі Ігар Міхайлавіч пачаў прэзентацыю сваёй новай кнігі «Шыкавічы. Вёска на беразе Раю», што адбылася на мінулым тыдні ў Пастаўскай цэнтральнай раённай бібліятэцы. На рахунку таленавітага аўтара не адзін дзясятак кніг, у тым ліку і пра вёскі нашага раёна Стары Двор, Задзеўе, Гута, Голбея, Манькавічы, Споры. Па аб’ёме яны невялікія і ўвабралі ў сябе ў асноўным успаміны людзей, якія яшчэ памяталі падзеі «за польскім часам», акупацыю ў гады Вялікай Айчыннай вайны, калектывізацыю.
Кніга пра Шыкавічы — больш грунтоўнае выданне. У ёй 272 старонкі і 204 ілюстрацыі (каляровыя і чорна-белыя фотаздымкі, малюнкі, графіка, дыяграмы, картасхемы).
Ігар Пракаповіч успамінаў:
— Яшчэ ў 1983 годзе студэнтам я прыязджаў да бабулі з дзядулем у Шыкавічы, распытваў пра ранейшае жыццё і запісваў іх успаміны. Падчас напісання кнігі звяртаўся па ўспаміны да іншых жыхароў, шмат працаваў у Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі і Маладзечанскім занальным.
У кнізе — гісторыя вёскі, паходжанне назвы, прырода, вандроўка па ўрочышчах, прозвішчы і мянушкі людзей (пачынаючы з 1668 года!), успаміны былых вяскоўцаў, шматлікія ілюстрацыі. Уяўляеце, як шмат давялося папрацаваць аўтару? І, думаеце, ён на гэтым спыніўся? Не! Падрыхтаваў другую кнігу пра Шыкавічы, якая павінна выйсці з друку ўжо ў гэтым месяцы. У ёй — пра забудову вёскі, радаводы, абрады, традыцыі, адпачынак, побыт, прылады працы і многае іншае.
— Але і гэта яшчэ не ўсё, — запэўнівае Ігар Пракаповіч. — Зараз працую над трэцяй кнігай, у якой хачу паказаць сучасныя Шыкавічы (вёска стала зусім іншай, большасць яе насельнікаў — дачнікі), змясціць фотагалерэю (засталося шмат здымкаў, якія не ўвайшлі ў першую і другую кнігі), успаміны людзей пра тое, якую ролю адыгрывае вёска ў іх жыцці.
Першая кніга выклікала шырокі рэзананс. Аўтар атрымаў дзясяткі ўдзячных водзываў. Цікава прайшла і прэзентацыя кнігі. Нягледзячы на тое, што Шыкавічы знаходзяцца не ў нашым, а ў суседнім раёне, кранальны аповед аўтара выдання і відэасюжэты расчулілі ўсіх прысутных. Несумненна, што ў тыя хвіліны кожны ўспамінаў сваю родную вёсачку, якой ужо, можа, і няма на геаграфічнай карце. А ці застанецца яна і яе былыя жыхары ў гісторыі? Як добра было б, каб у кожнай знайшоўся свой летапісец!
У кнізе — гісторыя вёскі, паходжанне назвы, прырода, вандроўка па ўрочышчах, прозвішчы і мянушкі людзей, успаміны былых вяскоўцаў, шматлікія ілюстрацыі
Фаіна Касаткіна




