26 і 29 мая выпускнікі 11-х класаў усіх школ рэспублікі здавалі цэнтралізаваныя экзамены. У нашым раёне пунктам іх правядзення вызначаны Пастаўскі дзяржаўны каледж. Пра тое, як усё прайшло, ці былі выяўлены парушэнні, якія прадметы аказаліся самымі папулярнымі, расказвае намеснік начальніка аддзела па адукацыі райвыканкама Таццяна Русалоўская:
— Як ужо не раз адзначалася, у тым ліку на старонках «ПК», сёлета на Пастаўшчыне 11 класаў закончыў 161 навучэнец. Двух з іх вызвалілі ад здачы абодвух ЦЭ. Аднаго таму, што навучаўся дома, другога, Яну Арэхаву з СШ №1, — як пераможцу рэспубліканскай алімпіяды. 26 мая прадмет на выбар здавалі 160 чалавек: да 159 школьнікаў дабавіўся адзін экстэрн. 29 мая ад ЦЭ па беларускай мове былі вызвалены яшчэ дзве выпускніцы першай гарадской школы — алімпіядніцы Вікторыя Зелянкевіч і Анастасія Райчонак. Такім чынам, дзяржаўную мову здавалі 158 чалавек.
Усе выпускнікі з’явіліся ў пункт правядзення цэнтралізаваных экзаменаў, і падчас ЦЭ не было выяўлена ніякіх парушэнняў. У пункце працавалі арганізацыйная камісія, якую ўзначальваў дырэктар каледжа Сяргей Шамовіч, і камісія па кантролі на чале з намеснікам старшыні райвыканкама Станіславам Чымбургам. Таксама на абодвух экзаменах прысутнічаў прадстаўнік Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь. Ён сачыў за працэдурай іх правядзення — ад ускрыцця сейфа з матэрыяламі ЦЭ да перадачы валізы (паштовага мяшка, куды складваліся ўсе пакеты з бланкамі адказаў вучняў) фельд’егерам, якія даставілі яе ў Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў.
Сярод прадметаў на выбар найбольш выпускнікоў аддалі перавагу матэматыцы — яе здавалі 63 чалавекі. 31 школьнік выбраў біялогію, 24 — грамадазнаўства, 19 — гісторыю Беларусі, 14 — англійскую мову, 5 — хімію, 2 — фізіку і 2 — геаграфію. На ЦЭ па дзяржаўных мовах 131 выпускнік здаваў рускую і 27 — беларускую. У першы экзаменацыйны дзень было задзейнічана 12 аўдыторый, у другі — 11, у іх працавалі адпаведна 36 і 33 педагагічныя работнікі з устаноў адукацыі раёна.
Вынікі здачы цэнтралізаваных экзаменаў выпускнікі змогуць убачыць у асабістых кабінетах на сайце РІКВ. А сертыфікаты ЦЭ атрымаюць разам з атэстатамі аб агульнай сярэдняй адукацыі 13 чэрвеня на выпускных вечарах у сваіх навучальных установах.
Запісала Алена Шапавалава

