У нашым раёне стала добрай традыцыяй праводзіць па ініцыятыве Пастаўскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва агляд-конкурс на найлепшае падвор’е грамадзян пажылога ўзросту.
— Як было не аб’явіць яго і сёлета — у Год добраўпарадкавання? — гаварыла намеснік дырэктара ТЦСАН Вольга Антух.— Конкурс праводзіцца ў рамках рэалізацыі нацыянальнай стратэгіі Рэспублікі Беларусь «Актыўнае даўгалецце-2030» з мэтай дзяржаўнай і грамадскай падтрымкі людзей сярэбранага ўзросту, развіцця іх культурных і духоўных патрэбнасцей, папулярызацыі дзелавога і творчага патэнцыялу. Мерапрыемства стымулюе актыўнасць, ініцыятыву, фантазію.
Да ўдзелу ў конкурсе запрашаюцца грамадзяне пажылога ўзросту, іх сем’і, у якіх ёсць ва ўласнасці жылы дом з прысядзібным участкам, якія трымаюць падсобную гаспадарку, а таксама пенсіянеры, што жывуць у шматпавярхоўках і маюць дачныя ўчасткі. Па словах арганізатараў конкурсу, яго правядзенне спрыяе ўмацаванню сувязі паміж пакаленнямі, адраджэнню сядзіб, папулярызацыі вопыту для развіцця падсобнай гаспадаркі.
Пераможцы будуць вызначацца ў дзвюх намінацыях: «Дом узорнага парадку» і «Кветнік ля пад’езда». Заяўкі на ўдзел у конкурсе прымаюцца з 16 па 26 чэрвеня па адрасе: г. Паставы, вул. Савецкая, 3, кабінет 10 або па тэлефоне 2-06-40.
У перыяд з 14 па 31 ліпеня камісія ў складзе намесніка старшыні райвыканкама Станіслава Чымбурга, начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Наталлі Седзюкевіч, начальніка аддзела архітэктуры і будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі Мікалая Доўманта, галоўнага санітарнага ўрача раёна Святланы Рассеевай, намесніка дырэктара ТЦСАН Вольгі Антух і старшыні адпаведнага сельскага Савета наведаюцца да канкурсантаў і ацэняць узровень добраўпарадкавання.
Узнагароды пераможцы атрымаюць падчас мерапрыемства, прысвечанага Дню пажылых людзей.
Люблю прагуляцца па гарадскіх вуліцах. Не па цэнтральных, а па невялікіх. Яны прывабліваюць сваёй цішынёй і ўтульнасцю. Захапляюся дагледжанымі падворкамі з малымі архітэктурнымі формамі, кветкамі ў агародчыках. Гаспадарамі многіх з’яўляюцца людзі паважанага ўзросту. Нягледзячы на слабае здароўе, яны імкнуцца дадаць свайму куточку прыгажосці, жыць у гармоніі з сабой і навакольным асяроддзем. Упэўненая, што сёлетні конкурс адкрые новыя імёны кветкаводаў-аматараў сярод грамадзян пажылога ўзросту.
Анна Анішкевіч

