Летне-пашавы сезон утрымання жывёлы на Пастаўшчыне пачаўся ў красавіку. Гэты час з’яўляецца самым спрыяльным для атрымання высокіх надояў, і ў народзе яго называюць перыядам вялікага і адносна таннага малака.
На майскіх травах плюс амаль 20 тон
Сельгаспрадпрыемствы падрыхтавалі пашы загадзя. Асноўнай задачай было выйсці на пашавае ўтрыманне жывёлы з найменшымі стратамі прадукцыйнасці дойнага статка. Зрабіць гэта няпроста, але магчыма. І ў жывёлаводаў раёна ўсё атрымалася. На зялёны корм статкі пераводзілі паступова. Жывёла хутка адаптавалася да новых умоў. Свежае паветра, сонца, маладая, багатая бялком, пратэінам і вітамінамі трава далі станоўчы вынік: вытворчасць малака павялічвалася кожны дзень.
Цяпер у полі пасвіцца 40 гуртоў — 7 500 галоў дойнага статка. У полі ёсць соль і вада. Складаней з камбікармамі. Паколькі ў мінулым годзе недабралі запланаваную колькасць збожжа, не ва ўсіх гаспадарках яго хапіла да новага ўраджаю. Тым не менш надоі не зніжаюцца.
На круглагадовым стойлавым утрыманні ў раёне знаходзіцца дойнае пагалоўе, якое ўтрымліваецца на сучасных жывёлагадоўчых комплексах у ААТ «Камайскі-агра», Волахах ААТ «Хацілы-агра», Коўзанах і Пагарцах ААТ «Навасёлкі-Лучай», Кураполлі ААТ «Кураполле-агра» і на МТФ «Юнькі» малочнага завода.
Мокры і халодны
Звычайна пашавы перыяд бывае гарачым. Маецца на ўвазе і спякотнае летняе надвор’е, і работа аператараў машыннага даення, пастухоў. Сёлета апошняя дэкада мая і пачатак чэрвеня, наадварот, выдаліся халоднымі і мокрымі. Мы, гараджане, наракаем на нізкую тэмпературу паветра, моцныя дажджы і нават уявіць не можам, як прыходзіцца тым, хто даглядае статак. Работа ў такіх умовах пад сілу толькі моцным, самадданым людзям.
Раніца мінулай пятніцы, на шчасце, была сонечнай і сухой. Разам з намеснікам начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Эдуардам Януковічам адпраўляюся на перасоўныя дойкі, каб на ўласныя вочы ўбачыць, як складана даецца малако, пагутарыць з жывёлаводамі. Першым прыпынкам стала поле каля Русінаў. Там пасвіліся каровы з манькавіцкай фермы ААТ «Сцяг Перамогі-агра». На дойцы сустрэла найлепшага аператара гаспадаркі Ірыну Зізілеву. Такіх руплівіц, як яна, трэба яшчэ пашукаць!
— Надвор’е выпрабоўвае не на жарт, але кароў нядоенымі не пакінеш, — гаварыла Ірына. — Цяжка, вельмі цяжка. Ніякі плашч не ўратуе ў лівень. У полі хапае ручной працы. За суткі надойваем больш за 3 тоны малака. Усё яго ад кароў да трактара з бочкай пераносім 20-літровымі вёдрамі. А як церпіць жывёла! У дождж і холад, каб сагрэцца, каровы збіваюцца ў гурт. Не маюць магчымасці нармальна адпачыць. Многія нават не кладуцца, бо ўсюды мокра. Механізатар Андрэй Цюльпанаў, які абслугоўвае перасоўную дойку, імкнецца размяшчаць яе на вышэйшым месцы, каб ні мы, аператары, ні каровы, не мясілі гразь. На выхадныя сіноптыкі прагназуюць сонечнае надвор’е. А там зноў дажджы. Пакіраваць нябеснай канцылярыяй чалавеку не пад сілу.
Ірына Зізілева працуе ў пары з Таццянай Ігнацьевай. Але тая цяпер знаходзіцца на лячэнні ў райбальніцы. Замяняе яе ўжо не першы чалавек. У пятніцу кароў даіла Вольга Пракоп. Фатаграфавацца адмовілася, спасылаючыся на тое, што працуе тут часова.
Не ў найлепшым настроі быў і Андрэй Цюльпанаў: ноччу ў яго разбалеўся зуб. Але з самай раніцы ён не паехаў на прыём да ўрача, а прывёз у поле аператараў, чакаў, пакуль тыя закончаць дойку: атрыманае малако трэба даставіць на ферму ў халадзільнік, затым прывезці ў поле ваду, перамясціць даільную ўстаноўку ў іншае месца, каб падчас вячэрняй дойкі аператарам было зручна працаваць… І толькі пасля гэтага планаваў трапіць да стаматолага.
Такіх адказных людзей у сельскай гаспадарцы нямала. Яны выдатна разумеюць, што рабочых рук не хапае, і іх сумленне не дазваляе пакінуць работу нават з уважлівай прычыны. На тых фермах, дзе падабраўся нядрэнны калектыў, і вынікаў дабіваюцца нядрэнных. Чалавечы фактар у любой справе адыгрывае немалаважную ролю.
Гразь ледзь не па калена
На палях, дзе пасвяцца каровы з манькавіцкай фермы, узгоркі чарадуюцца з раўнінамі. Ніжэйшыя ўчасткі парэзаны коламі трактара, на месцы дойкі да чарнаты вытаптана трава. Але тое, што ўбачыла каля Цёплых, дзе ішла ранішняя дойка статка ААТ «Кураполле-агра», і ўявіць сабе не магла. Поле пасля меліярацыі. Многія ўчасткі на ім заліты вадой і раскіслі пасля праліўных дажджоў. Да перасоўнай дойкі дайсці можна толькі ў гумовых ботах.
Аператары завяршалі ранішнюю дойку: у чарзе на даенне стаялі яшчэ каля двух дзясяткаў кароў. Ногі жывёлін вязлі ў гразі. Аператары заганялі кароў у стойла для дойкі, ачышчалі і мылі кожнай вымя, здойвалі першыя струменьчыкі малака і толькі пасля гэтага падключалі апарат. Малако з бачкоў пералівалі ў вёдры і пераносілі да бітонаў, цадзілі. Асобна злівалі для выпайкі цялятам.
Фатаграфавацца аператары адмовіліся наадрэз, маўляў, за час дойкі выпацкаліся, як тыя каровы. Кожная рупілася, каб хутчэй завяршыць работу і адправіцца на адпачынак. Але ці ёсць ён у вясковых жанчын? Хапае спраў на агародах, па доме. І ні адна не наракала ні на надвор’е, ні на ўмовы работы. Яны разумеюць, што выбралі сабе прафесію, звязаную з сельскай гаспадаркай, дзе так шмат залежыць ад нябеснай канцылярыі, і ні адзін працэс тут не паставіш на паўзу з-за дажджу. Таму і прыкладваюць неймаверныя намаганні, каб гараджане, прыйшоўшы ў магазін, маглі знайсці на яго прылаўках усё неабходнае. Назірала за работай аператараў і думала: вось яны, сапраўдныя гераіні!
Эдуард Януковіч, намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама: За пяць месяцаў вытворчасць малака склала больш за 280 тысяч тон —107,4% да ўзроўню мінулага года. Ёсць прыбаўка і ў яго рэалізацыі (106,7%). Сярэдні надой ад каровы з пачатку года дасягнуў 2 183 кілаграмаў, што на 54 кг больш, чым летась. За май вытворчасць малака павялічылася на 426 тон у параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года.
Анна Анішкевіч





