Нина Викентьевна Машаро из д.Василины отметила свое 90-летие

Общество

Люблю пісаць пра доўгажыхароў. Вось і сёння знаёмлю вас з 90-гадовай Нінай Вікенцьеўнай Машарай з Васілін.

Спачатку старшыня Курапольскага сельскага Савета Лілія Гінько даслала мне фотаздымкі са святкавання юбілею жанчыны, а праз некалькі дзён я сама наведалася да імянінніцы. А ў яе якраз былі дачка Марыя і нявестка Святлана.

— Незадоўга да юбілею маме не пашанцавала: прыхварэла. Я забрала яе да сябе, а ў мяне яна ўпала і зламала руку, — расказвала Марыя. — Аднак і са зламанай рукой не захацела заставацца — вярнулася ў сваю хату.

— Дык вы ж са Светай кожны дзень прыходзіце, дапамагаеце. Чаму мне не быць дома? — светла ўсміхаецца бабуля і дадае: — І свята ў юбілей для мяне зрабілі.

Яно атрымалася мнагалюдным, цёплым, вясёлым. Нават уласны баяніст прысутнічаў — праўнук Цімафей, які займаецца ў музычнай школе. Усяго было каля двух дзясяткаў гасцей, яшчэ 9 родных у той дзень не змаглі прыехаць з-за розных абставін.

Сямейнае дрэва Машараў разгалінаванае. Ніна з мужам Пятром выхавалі траіх дзяцей. Ва ўсіх сем’і: дзеці і ўнукі. Сын Іван і дачка Марыя жывуць у Васілінах. Іван працуе механізатарам. Марыя шмат гадоў загадвала мясцовым аддзяленнем паштовай сувязі, а пасля яго закрыцця 11 гадоў — васілінскай малочнатаварнай фермай. Другая дачка, Галіна, жыве ў Паставах, працуе медсястрой. У Ніны Вікенцьеўны 6 унукаў і 9 праўнукаў. Прычым хлопчыкамі-двайняткамі сямейны клан папоўніўся перад самым юбілеем. Чым не падарунак для прабабулі? Унукі і праўнукі жывуць у Паставах і Глыбокім, Віцебску і Наваполацку, Мінску і Варшаве.

Нина Викентьевна Машаро из д.Василины отметила свое 90-летие

Вікенцьеўне радасна, што над імі мірнае неба, у сем’ях дастатак. А на яе долю выпала шмат цяжкасцей.

— Калі пачалася вайна, мне было шэсць гадоў, — успамінала жанчына. — Жылі ў Слабадзе Шаркаўшчынскага раёна. Сям’я была вялікая: бацькі, бабуля з дзядулем і трое нас, дзяцей. Меншы брат яшчэ нават не ха­дзіў. Акупанты, прыйшоўшы ў вёску, сабралі ўсіх людзей і жывёлу і пагналі абозам на чыгуначную станцыю. Маладзейшых, у тым ліку і нашага тату, пагрузілі ў таварны вагон і павезлі ў Германію. Пагрузілі і ўсю жывёлу, а старым і малым сказалі: «Ідзіце, куды хочаце». Мы амаль год жылі ў бацькавай роднай сястры на хутары каля Шаркаўшчыны. Перад прыходам немцаў вяскоўцы ­тое-сёе з дабра закапалі ў лесе. Але калі вярнуліся дадому, усе лясныя сховы аказаліся пустыя. Галадавалі, елі мерзлую бульбу, лебяду.

Скончылася вайна. Вярнуўся з фашысцкай няволі бацька. Пакрысе сталі абжывацца. Але абрынулася новая бяда: Ніна, якая тады хадзіла ў 3 клас, захварэла на тыф. Два месяцы праляжала ў бальніцы, і яе як безнадзейную адправілі дадому паміраць. Яна і сёння памятае, як ляжала на ложку ў сянях (асобна ад сям’і, каб не заразіць іншых), а ля яе сядзела бабуля. Прыязджаў і ўрач. І яна акрыяла.

Цяжка працавала з падлеткавага ўзросту не толькі на зямлі, але і на лесанарыхтоўках. Калі арганізавалі калгасы, назначылі звеннявой па вырошчванні льну. Усё рабілі коньмі і ўручную, дабіваліся добрых вынікаў.

Ніна Вікенцьеўна была дэпутатам сельскага Савета, яе здымак змяшчалі на калгасную Дошку гонару, атрымлівала Ганаровыя граматы раённага, абласнога і рэспубліканскага ўзроўню. Яе, перадавую звеннявую, нават накіроўвалі на Выставу народных дасягненняў у Маскву.

Але бацька забараніў ехаць, бо пабаяўся адпусціць у такі вялікі горад.

Выйшаўшы замуж у Васіліны, працавала ў паляводстве, пазней 17 гадоў — на ферме. І тут яна была ў перадавіках, заахвочвалася за працу. За кошт прафсаюза адпачывала не толькі ў беларускіх санаторыях, але і ў Грузіі, Літве. У Васілінах жыве ўжо 66 гадоў.

— Вёска была вялікая і прыгожая, — успамінала жанчына далёкі час. — А зараз апусцела. Дзякаваць Богу, што дачка і зяць, сын і нявестка не з’ехалі нікуды. Ля іх мне добра. Наведваюцца, дапамагаюць.

— Нам радасна, што мама трымаецца, — гаварылі дачка Марыя і нявестка Святлана. — Яна з пакалення, моцнага фізічна і духоўна, і нам толькі раўняцца на яе. Бабулю вельмі любяць унукі і праўнукі, па магчымасці прыяз­джаюць.

На свяце ўсе родныя жадалі юбілярцы здароўя і доўгіх гадоў жыцця. Няхай так і будзе!

Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.