Работа Андрея Николаева и его мамы Ольги отмечены наивысшей наградой фестиваля «Родные люди»

Общество

Кожны з бацькоў марыць, каб іх дзіця расло шчаслівым і паспяховым. Такую магчымасць ужо чацвёрты год дорыць фестываль сатворчасці дзяцей і дарослых «Родныя людзі». Сёлета асаблівае захапленне журы выклікала сумесная творчасць 5-гадовага выхаванца пастаўскага дзіцячага сада 5 Андрэя Нікалаева і яго маці Вольгі: іх таленавіты тандэм быў заслужана адзначаны найвышэйшай узнагародай у намінацыі «Чароўная шкатулка».

Фестываль праходзіў у завочнай форме з 5 па 22 мая і сабраў звыш 1 300 маленькіх удзельнікаў з розных куткоў краіны. Дзеці разам з бацькамі або педагогамі дэманстравалі таленты ў розных відах мастацтва: жывапісе, дэкаратыўна-прыкладным мастацтве, танцах, вакале, а таксама ў спорце. Арганізатар фестывалю — факультэт дашкольнай адукацыі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта.

Сям’я Нікалаевых прадставіла аўтарскае пано пад назвай «Лялечны карагод», якое сімвалізуе падарожжа міфалагічных лялек праз поры года. Пано ўяўляе сабой свое­асаблівы шэдэўр народнай творчасці, які адлюстроўвае старажытныя вераванні і звычаі беларускага народа.

— Даўно хацела стварыць такую работу, вось толькі нагоды не было, — расказвала Вольга Нікалаева. — Калі выхавальнік Андрэйкі Марына Курцэвіч запрасіла нас пры­няць удзел у конкурсе, я зразумела, што надышоў зручны момант ажыццявіць сваю ідэю.

Работа Андрея Николаева и его мамы Ольги отмечены наивысшей наградой фестиваля "Родные люди"

Вольга працуе педагогам дадатковай адукацыі ў раённым цэнтры дзяцей і мола­дзі, кіруе фальклорным калектывам «Журавінка». Яе напрамак звязаны з народнымі абрадамі і стварэннем традыцыйных народных лялек. Жанчына расказала, што на выраб пано пайшло тры дні. Спачатку маці старанна падрыхтавалася: знайшла патрэбную тканіну, зрабіла аснову, нарыхтоўкі для лялек. Для пано выкарыстала тэкстыль, ніткі, тась­му, стужкі, салому, галінкі. Затым разам з сынам яны па-майстэрску вырабілі дэталі, якія потым прымацавалі да асновы, вязалі вузельчыкі і выкладвалі ў выглядзе кола. Дзякуючы стараннай падрыхтоўцы работу выканалі адносна хутка і якасна. Увесь працэс знялі на камеру і адправілі відэа на конкурс.

— Нашы продкі верылі, што створаныя імі лялькі прыносяць шчасце, абараняюць ад бед і прыцягваюць поспех, — тлумачыла Вольга. — Такія цацкі ўпрыгожвалі дом, захоўваліся ў святых месцах і выкарыстоўваліся ў важных сямейных абрадах. Лялькі былі сімвалам дабрабыту і хатняга цяпла. Кожная дэталь нашага пано мае глыбокі сэнс: кветкі, арнаменты, знакі пор года перадаюць народную філасофію жыцця і прыгажосць прыроды.

Вольга прызнаецца: найвышэйшая ўзнагарода стала для іх з сынам нечаканасцю, бо канкурэнцыя была высокай, работы ўдзельнікаў — арыгінальнымі.

— Пра перамогу даведалася выпадкова, калі ўбачыла прозвішча і імя сына ў спісе пераможцаў на сайце ўніверсітэта, — успамінала суразмоўца. — Прыемна, што наша работа прызнана адной з найлепшых. (У намінацыі «Чароўная шкатулка» Гран-пры атрымалі пяць работ, адна з іх — наша.) Да таго ж удзел у фестывалі дазволіў і сыну раскрыць свае творчыя здольнасці, адчуць радасць поспеху. Гэтым я задаволеная асабліва.

Шчыра віншуем таленавітых маму і сына і жадаем ім далейшых поспехаў у творчасці!

Кристина Рубель



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.