Ужо каторы раз пасля выхаду ў газеце рэдакцыйнага праекта «Вёсачка» мне паступаюць званкі з просьбай прадоўжыць расказваць пра вяскоўцаў, якіх ён не ахапіў і якія заслугоўваюць увагі. Не стала выключэннем і Хрыстова, адкуль у маім блакноце засталося яшчэ некалькі адрасоў. Адзін з іх — сям’я Сяргея і Алены Мянчынскіх, якія ў жніўні адзначаць сваё сярэбранае вяселле.
Яны пазнаёміліся на танцах у валкоўскім клубе і спадабаліся адно аднаму. Закаханыя тры гады сустракаліся, перш чым прыняць узважанае рашэнне звязаць свае лёсы. Пажаніўшыся, шэсць гадоў жылі з бацькамі Сяргея ў Сасноўшчыне. Там жа нарадзіўся іх першынец Артур. Пазней купілі дом у Хрыстове, дзе жывуць ужо амаль два дзесяцігоддзі, — прывабіла маляўнічая мясцовасць.
Галава сям’і Сяргей Францавіч 27 гадоў адпрацаваў у мясцовым лясніцтве. Летась перайшоў вадзіцелем аўтобуса на глыбоцкае аўтапрадпрыемства. Дбайны і руплівы гаспадар, мае трактар і ўсё прычапное да яго. Алена Іванаўна па адукацыі — педагог. Многія гады працавала ў школе, а калі ў 2015-м Валкоўскую СШ закрылі, уладкавалася кіраўніком спраў у мясцовы сельскі Савет. Але ў 2023-м і яго ліквідавалі. Вярнулася ў адукацыю — выкладае матэматыку і інфарматыку ў дунілавіцкай школе.
Гэту школу скончыў сын Мянчынскіх.
— Артур па сваёй прыродзе тэхнік, — расказвала маці. — Гараж для яго — другі дом. Любы рамонт сваёй і бацькавай машыны робіць сам, заўсёды знаходзіць там сабе занятак.
І работу хлопец выбраў такую, што мае дачыненне да тэхнікі: ён інспектар аддзялення Дзяржаўтаінспекцыі Глыбоцкага РАУС. За плячыма — Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт і міліцэйскія курсы, летась паступіў на завочнае аддзяленне Магілёўскага інстытута МУС. Што пацвярджае: у выбары прафесіі не памыліўся і імкнецца расці ў ёй.
Праз 12 гадоў пасля нараджэння сына сям’я Сяргея і Алены папоўнілася дачушкай. Значная розніца ва ўзросце не перашкаджае брату і сястры быць вялікімі сябрамі. Каця скончыла 6 класаў з адзнакамі 9 і 10. Яна вялікая аматарка прыроды. Коцікі, сабачкі, вожыкі, птушкі — усе яе цікавяць. На падвор’і Мянчынскія трымаюць карову, свіней, курэй, трусоў. Каця ахвотна дапамагае бацькам у іх доглядзе. Напэўна, падрастае будучы ветурач. Заўсёды радасна сустракае ўнучку бабуля, якая жыве ў Лапішках на Глыбоччыне. Надоўга запомніцца Каці школьная паездка на «Вытокі» ў Паставы. Яна нават сфатаграфавалася з прэзідэнтам Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі Віктарам Лукашэнкам, і гэта прынесла ёй столькі радасці!
Вось такая звычайная сям’я са звычайнымі клопатамі: дружная, працавітая, мэтанакіраваная. Алена і Сяргей нарадзіліся ў вёсцы і выбралі вясковы ўклад жыцця. Уласным прыкладам прывіваюць сваім дзецям любоў да роднага краю, павагу да спадчыны, працавітасць. Было б у сельскай мясцовасці такіх сем’яў больш, то перспектыва вёсак была б весялейшай.
Фаіна Касаткіна

