Стварэнне надзейнай кармавой базы для буйной рагатай жывёлы — сёння галоўная задача аграрыяў. На Пастаўшчыне травы першага ўкосу трэба ўбраць на 13 600 гектарах, нарыхтаваць 165 500 тон сенажу. Работа праведзена на 25% плошчы. У лідарах — ААТ «Сцяг Перамогі-агра», «Янавіца-агра», «Навасёлкі-Лучай» і СП «Дунілавічы-агра».
— Травы сёлета слабейшыя, — расказваў дырэктар СП «Дунілавічы-агра» Андрэй Сарапененка. — Скасілі 700 гектараў з 2 200 запланаваных, а заклалі толькі крыху больш за 2 000 тон сенажу. Працяглая засуха ў пачатку мая, рэзкія перапады тэмпературы з начнымі замаразкамі адмоўна адбіліся на фарміраванні травастою. Але і марудзіць з касьбой нельга. Найлепшы час для нарыхтоўкі злакавых траў — з пачатку выхаду ў трубку, бабовых — у фазу бутанізацыі. Ад гэтага залежыць якасць кармоў. Таму і ўключылі ў работу ўсю корманарыхтоўчую тэхніку. Дзякуй за адчувальную дапамогу малочнаму заводу і яго механізатарам Леаніду Насыру, Аляксандру Собалю і Івану Пучынскаму, якія працуюць на адвозцы зялёнай масы з поля да сянажнай траншэі.
У панядзелак уся дунілавіцкая тэхніка і тэхніка малочнага завода была сканцэнтравана на полі каля Мышак. На трактарах з касілкамі рупіліся мясцовыя механізатары Дзмітрый Лысёнак, Станіслаў Зайцаў, Генадзій Татун і Сяргей Янковіч. Зялёную масу ў валкі зграбалі Валяр’ян Жуперка і Андрэй Галінскі. На падборы валкоў занятыя механізатары Аляксандр Самковіч і Дзмітрый Жалянцоў. Яны працуюць у зладжаным тандэме з тымі, хто на адвозцы. Здробненая зялёная маса напаўняе прычэпы, і Грыгорый Зелянкевіч, Генадзій Казакевіч разам з механізатарамі малочнага завода дастаўляюць яе да сянажнай траншэі ля фермы ў Кейзіках. Трамбуюць масу Дзмітрый Салавей і Міхаіл Бервячонак.
— Кармы маюць вялікае значэнне для атрымання высокіх надояў і прываг, — гаварыла начальнік аддзела арганізацыі сельскагаспадарчай вытворчасці ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Таццяна Андрэева. — Ад таго, наколькі эфектыўна аграрыям удасца справіцца з пастаўленымі на гэты перыяд задачамі, будзе залежаць фінансавае становішча гаспадарак, бо жывёлагадоўля — валаўтваральны кірунак, які прыносіць найбольшы прыбытак. Таму на сельгаспрадпрыемствах прыкладваюць максімум намаганняў, імкнуцца мабілізаваць усе рэсурсы, каб з касьбой укласціся ў аптымальныя тэрміны. Травы трэба не толькі скасіць, але і правільна закласці, укрыць — гэта своеасаблівы тэхналагічны рэгламент. Толькі пры выкананні ўсіх тэхналогій можна атрымаць якасны і пажыўны корм.
У ААТ «Хацілы-агра» і «Янавіца-агра», акрамя закладкі зялёнай масы ў траншэі, сянаж нарыхтоўваюць у стрэйч-плёнку.
Асноўная работа па корманарыхтоўцы яшчэ наперадзе. Але старт дадзены. Аграрыі Пастаўшчыны маюць намер у сціслыя тэрміны скасіць травы першага ўкосу, каб паспеў сфарміравацца лепшы другі ўкос. Каб травы хутчэй пайшлі ў рост, вызваленыя плошчы падкормліваюць мінеральнымі ўдабрэннямі. Надвор’е прадаўжае выпрабоўваць вяскоўцаў на вынослівасць. Тым не менш ёсць надзея, што якасных кармоў для грамадскага статка будзе нарыхтавана не менш, чым летась.




