Старшая медсестра ОДРОЦ «Ветразь» Светлана Вилейто — ответственная и старательная

Здравоохранение

Сваю прафесію старшая медыцынская сястра аддзялення медыцынскай рэабілітацыі №1 АДРАЦ «Ветразь» Святлана Вілейта выбрала спантанна. Закончыўшы 10 класаў, так і не вырашыла, кім хоча быць. Прыйшлося адкрываць даведнік для абітурыентаў. Гартаючы яго, зачапілася поглядам за Полацкае медвучылішча. Туды і падала дакументы, хоць да гэтага не думала пра медыцыну. Да яе падштурхнула тое, што сур’ёзна захварэла хросная, з якой у дзяўчыны былі вельмі блізкія адносіны.

Пасля заканчэння вучылішча Святлана атрымала размеркаванне ў абласную псіхіятрычную бальніцу ў Паставах. Шмат гадоў працавала там паставой медсястрой. А калі бальніцу закрылі, перайшла ў «Ветразь», які толькі што расчыніў свае дзверы. На календары быў студзень 2005 года.

Пачынала ўсё той жа паставой медсястрой. Праз 10 месяцаў прапанавалі пасаду старшай медыцынскай сястры. Згадзі­лася не адразу, разумела: гэта вялікая адказнасць. Адна справа — добрасумленна адпрацаваць сваю змену. І зусім іншая — несці адказнасць за калектыў, у якім 8 медсясцёр, 8 санітарак і сястра-гаспадыня. Да таго ж яшчэ не было пастаяннага загадчыка аддзялення, фактычна, выра­шаць усе пытанні неабходна адной. Дома параілася з мужам і старэйшымі сынамі (усяго іх у жанчыны трое), заручылася падтрымкай калег, якія паабяцалі не падвесці, дапамагаць чым могуць, — і дала згоду на перавод.

Старшая медсестра ОДРОЦ "Ветразь" Светлана Вилейто — ответственная и старательная

— Спачатку было вельмі цяжка, — прызнаецца Святлана Нікіфараўна. — Графікі, табелі, санэпідрэжым у аддзяленні… Прыйшлося многаму вучыцца, каб весці за сабой калектыў. Не спала начамі, брала дакументы дамоў — перажывала за тое, каб усё зрабіць так, як павінна быць.

Затое цяпер усё працуе, як механізм швейцарскага гадзінніка.

— Святлана Нікіфараўна адказная, старанная, добры арганізатар. Строгая, але справядлівая з падначаленымі, заўсёды ідзе ім насустрач, — характарызавала яе загадчык аддзялення №1 Жанна Райчонак. — Калі хтосьці з медсясцёр ці санітарак захварэў, у адну хвіліну пераробіць графік работы і знойдзе замену. Яна — мая правая рука. Я хоць і даўно працую ў «Ветразі», але некаторыя нюансы да гэтага часу не ведаю: тут зусім іншая спецыфіка ў параўнанні з бальніцай ці паліклінікай. Святлана заўсёды падкажа, бо мае багаты вопыт. Ёй падабаецца тое, чым займаецца, гэта яе стыхія.

Акрамя складання графікаў работы і табеляў уліку рабочага часу, Святлана Вілейта размяркоўвае абавязкі паміж медсёстрамі, сочыць за выкананнем у аддзяленні санэпідрэжыму, які ўключае ў сябе праветрыванне памяшканняў, уборку і замену пасцельнай бялізны. Вялікую ўвагу ўдзяляе пытанням харчавання дзяцей і іх адаптацыі ў рэабілітацыйна-аздараўленчым цэнтры пасля заезду. Перыядычна правярае ў медсясцёр веданне правілаў аказання неадкладнай дапамогі, бо першае аддзяленне мае пульманалагічны і кардыя­рэўматалагічны профілі і ў ім часта бываюць дзеці з бранхіяльнай астмай.

— Калектыў у нас вопытны і дружны, — гаварыла яна. — Усе медыцынскія сёстры з кваліфікацыйнымі катэгорыямі, прафесійна падрыхтаваныя, адказныя. У любой я ўпэўненая, і любая падтрымае. Без іх нічога не змагла б зрабіць.

На сцяне ў рабочым кабінеце Святланы Вілейты вісіць з дзясятак грамат і падзяк упраўлення аховы здароўя Віцебскага аблвыканкама, галоўнага ўрача АДРАЦ «Ветразь», райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў. Яшчэ столькі ж знаходзіцца дома. Цяпер да іх дабавіцца Падзяка Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.