Не перастаю захапляцца рацыяналізатарствам і нястомнасцю жыхара аграгарадка Андроны Тадэвуша Бучаля. Неаднойчы пісала пра яго вынаходніцтвы. І вось з’явілася чарговая нагода.
Хто з аматараў агародніцтва сёлета не наракае на няласкавыя вясну і лета? З-за холаду і дажджоў нават у цяпліцах раслінкі растуць слаба.
— А вы паглядзіце, якія агуркі і памідоры ў мяне! — прапанаваў Тадэвуш Казіміравіч, калі я прыехала ў вёску.
Зайшла ў цяпліцу і ахнула: агурочнік метра паўтара ў вышыню, усыпаны не толькі квеценню, але і пладамі.
— Гэта мая эксперыментальная цяпліца, — тлумачыў гаспадар. — Задумку, як яе зрабіць, выношваў у галаве даўно і нарэшце ажыццявіў. Я не прыхільнік цяпліц з полікарбанату. У іх няма тэрмарэгуляцыі, і яны слаба трымаюць тэмпературу: калі на дварэ –5, то ў ёй будзе –3, а ў маёй плошчай 4 на 8 метраў ніжэй за +3 не апусціцца.
Казіміравіч падрабязна знаёміў мяне з тэхналогіяй вырабу і ўстаноўкі цяпліцы, аднак агучваць яе не бяруся, бо магу што-небудзь наблытаць. Скажу толькі, што дугі ён вырабіў з асіны, аснову — з хвоі, каркас абцягнуў двума слаямі поліэтыленавай плёнкі. Кожную марозную ноч (расаду высадзіў на першым тыдні красавіка) уключаў тэхнічны фен і ставіў у цяпліцу на незгаральную аснову. Фен не толькі падтрымліваў тэмпературу, але і ствараў тэрмарэгуляцыю. Цяпліца будзе даўгавечнай. Яе каркас зроблены з дрэва, але яно ізалявана плёнкай знутры і звонку, таму вільгаць у яго не пранікае — значыць, гніць не будзе. У цяпліцы 80 каліў агуркоў. Побач з кожным — акуратная драўляная рэечка, па якой раслінкі віюцца ўверх.
Нядоўга чакаць і паспявання памідораў. Пад іх адведзена цяпліца памерам 4 на 6 метраў, якую Казіміравіч зрабіў са шкла некалькі гадоў назад. Але сёлетнім эксперыментам ён задаволены асабліва: ужо з мінулага тыдня збірае агуркі, і іх ахвотна набываюць андронаўцы і пастаўчане.
— Быў бы я маладзейшы (Казіміравічу за 80 — аўт.), заняўся б вырабам такіх цяпліц на продаж, — гаварыў ён. — Агароднікі змаглі б атрымліваць у іх намнога вышэйшы ўраджай, чым у полікарбанатных. Але ахвотна падзялюся тэхналогіяй і абсталяваннем з тымі, хто зацікавіцца маім «вынаходніцтвам». Няхай прыязджаюць, каб убачыць усё на свае вочы.
З дазволу гаспадара называю нумар яго тэлефона +375 (29) 613-25-63.
Фаіна Касаткіна




