У краіне ў разгары чарговы футбольны сезон. Між тым мала хто ведае, што для пастаўчан сёлетні чэмпіянат — юбілейны, дваццаты.
Гісторыя пастаўскага футбола пачалася вясной 2005 года, калі ў райцэнтры пабудавалі новую спартыўную арэну ўмяшчальнасцю 900 месцаў і ў горада з’явілася свая футбольная каманда «Атлант». Яна паспяхова выступіла ў абласным першынстве і пры моцнай канкурэнцыі адразу заняла высокае 5-е месца.
Вясной наступнага года на футбольнай карце Беларусі прыбавілася некалькі новых каманд. Моцны сталічны «МТЗ-РІПА» вырашыў мець свой фарм-клуб, пачаў шукаць сабе партнёраў. Але ні ў Слуцку, ні ў Мар’інай Горцы падтрымкі не знайшоў. Наш зямляк, вядомы цяпер футбольны трэнер Аляксандр Бразевіч бачыў зацікаўленасць тагачаснага кіраўніка пастаўскага спорту Васіля Захарэвіча ў развіцці гэтай гульні, таму прапанаваў мінчанам прыехаць да нас у райцэнтр. Ідэю стварэння пастаўскага клуба для выступленняў на нацыянальным узроўні падтрымалі былы старшыня райвыканкама Эдуард Казура і кіраўніцтва ПМЦ. У выніку заключанага пагаднення мінчане далі нам трэнерскі штаб і групу перспектыўных 17-18-гадовых футбалістаў. У склад каманды ўвайшлі і трое мясцовых хлопцаў. Сярод іх — Уладзімір Карага, які потым на працягу 15 сезонаў абараняў гонар роднага горада. З барысаўскага БАТЭ прыйшоў гуляючым трэнерам 34-гадовы майстар спорту Уладзімір Нявінскі, які аднойчы вызначыўся хет-трыкам. Горад са свайго боку выдзеліў камандзе «ПМЦ» стадыён, гасцініцу для пражывання, трэніровачную базу. Мэблевае прадпрыемства аплочвала харчаванне, частку іншых расходаў на ўдзел у чэмпіянаце Беларусі. Тыя маладыя ігракі гулялі вельмі прыгожа і камбінацыйна, з 17 каманд фінішавалі бліжэй да сярэдзіны выніковай табліцы. У краіне загаварылі пра «пастаўскі футбольны феномен». А ў райцэнтры пачаўся сапраўдны футбольны бум з канцэртнай праграмай на кожнай сустрэчы. На трыбунах не было свабодных месцаў, сотні гледачоў падтрымлівалі каманду стоячы, з салонаў прыпаркаваных аўто і з горкі каля райбальніцы. Усіх уражвала, як у Калінкавічы, Мазыр, Бярозу, Шклоў, Ліду, Віцебск, Масты і іншыя гарады каманду «ПМЦ» прыязджалі падтрымліваць да паўсотні і больш яе балельшчыкаў.
Пастаўскі футбол меў шмат розных дасягненняў. Можам ганарыцца, што аўтар першага гістарычнага гола пастаўчан у чэмпіянатах Беларусі нападаючы Ягор Зубовіч пазней згуляў на лонданскай алімпіядзе. Менавіта ў Паставах падрыхтавалі аднаго з найлепшых футбалістаў краіны, іграка нацыянальнай зборнай Макса Эбонга. У нашым горадзе пачыналі кар’еру многія вядомыя ў краіне і за мяжой прафесійныя футбалісты, сярод якіх Раман Пасевіч, Юрый Кендыш, Ілья Кухарчык, Міхаіл Бабічаў, Кірыл Сідарэнка, Аляксандр Жарскі, Андрэй Архіпаў і іншыя.
Фундаментам усіх поспехаў стала падтрымка ў раёне дзіцяча-юнацкага спорту. Дагэтуль не забываецца 4-месячны футбольны марафон, чэмпіянат раёна сярод малодшых школьнікаў. У ім удзельнічалі 12 каманд з раз’ездамі, а ўсяго змагаліся 250 хлопчыкаў. Кожнаму з іх ПМЦ падарыў заплечнікі з трыма спартыўнымі касцюмамі, камплектам гульнявой формы і па футбольнаму мячу. Таксама бясплатна выдзяляліся аўтобусы на матчы, харчаванне. На маляўнічую цырымонію ўзнагароджання з Італіі прыбыў найлепшы футбаліст Беларусі ХХ стагоддзя, легенда зборнай СССР Сяргей Алейнікаў. Праслаўлены чэмпіён СССР 1982 года потым неаднаразова прыязджаў у Паставы, адкрываў на нашым стадыёне чарговы чэмпіёнскі сезон у 2-й лізе. Восенню 2007 года ў Паставах прайшоў рэспубліканскі фінал турніру «Скураны мяч» сярод дзяцей і падлеткаў. Пад кіраўніцтвам трэнераў Андрэя Казлоўскага і Аляксандра Тарасевіча юныя пастаўчане выйгралі «бронзу», а пазней яны двойчы былі найлепшымі ў Беларусі, неаднаразова заваёўвалі медалі рознай вартасці. Нашы хлопцы былі сярод найлепшых у юнацкіх чэмпіянатах Беларусі ў вышэйшай лізе, а юнакі 1997 года выйгралі сярэбраныя медалі ў саперніцтве з аднагодкамі з грандаў айчыннага футбола. У чэмпіянатах вобласці нашы хлопцы тройчы былі найлепшымі ў 2-й лізе, праз яе прайшлі каля ста ігракоў.
Да чэмпіёнскай вышыні нашу каманду прывёў і дагэтуль плённа працуе з ёй трэнер Васіль Грантоўскі, які годам раней вывеў свой клуб з Новапакроўска на 1-е месца ў першынстве Кубані. Плённа працавалі ў футбольнай акадэміі спецыялісты высокага ўзроўню Сяргей Ясінскі, Яўген Чарнухін і іншыя.
У гэтым годзе пастаўскія футбалісты ў нацыянальным першынстве гуляюць восьмы раз, заваёўвалі па разу залатыя і бронзавыя медалі ў турніры каманд 2-й лігі. Летась ФСК «Паставы» прабіўся ў абласны фінал розыгрышу Кубка рэгіёнаў Беларусі па футболе. У горадзе адкрылася аддзяленне футбола пры ДЮСШ, АБФФ выдзеліла нам найноўшы штучны газон, а стадыён непазнавальна змяніўся. Дарэчы, на пачатак ліпеня запланавана яго афіцыйнае ўрачыстае адкрыццё. Нядаўна арэна прыняла маштабны рэспубліканскі культурна-спартыўны фестываль «Вытокі».
На абноўленым гарадскім стадыёне пройдзе першы матч. Усе астатнія сустрэчы другога круга першынства краіны ў дывізіёне «Віцебскі» ФСК «Паставы» таксама правядзе дома. Хацелася б такой жа актыўнай падтрымкі роднай каманды з боку балельшчыкаў, як у слаўным мінулым.
Уладзімір Шык

