У горадзе над Дзвіной у пачатку мая каманды згулялі паміж сабой у матчы розыгрышу Кубка Беларусі. Сапернік тады абыграў нашых з лікам 4:1, а цяпер лідзіруе ў 2-й лізе ў дывізіёне «Віцебскі». Ён моцна ўзмацніўся за кошт васьмі ігракоў, пагуляўшых раней у эліце. Пастаўчане выставілі свой аптымальны склад, але адразу сутыкнуліся з моцным націскам палачан. Фаварыт арганізаваў шэраг імклівых фланговых атак і ў дэбюце сустрэчы двойчы змог вызначыцца. Спачатку на 7-й хвіліне нашы абаронцы прайгралі верхавую барацьбу і з блізкай адлегласці Іван Ціханаў адправіў мяч у сетку. У варатара пастаўчан Андрэя Чашуна хапала працы на апошнім рубяжы. Але праз 6 хвілін ён зноў прапусціў, калі без перашкод з пяці метраў «расстраляў» вароты Ягор Шадзько — 2:0.
У няпростым становішчы нашы не разгубіліся і самі сталі востра контратакаваць. У канцоўцы тайма лідар супакоіўся, збавіў абароты, на чым і «пагарэў». На 39-й хвіліне апорнік і распасоўшчык пастаўчан Аляксандр Звяруга падхапіў мяч, развярнуўся і з лініі штрафной пляцоўкі дакладна стрэліў упрыцірку са штангай — 2:1. Праз 2 хвіліны нашы адыграліся. Далёкім пасам паўабаронца Віталь Жылевіч знайшоў у свабоднай зоне нападаючага Кірыла Каралёнка. На хуткасці ён аддаў вывераную перадачу калегу па амплуа Дзмітрыю Кундру, які адправіў мяч у верхні вугал. На жаль, на 2-й дабаўленай хвіліне нашы крыху страцілі канцэнтрацыю, чым зноў імгненна скарыстаўся Я. Шадзько — 3:2. У другім тайме каманды прадоўжылі абмен вострымі момантамі.
Пасля стрэлу галавой Дзяніса Маршына падчас вуглавога варатар палачан з цяжкасцю адбіў мяч. У наступнай атацы сапернік збіў у сваёй штрафной Д. Кундру, але суддзя з Віцебска пенальці не прызначыў. Па іроніі лёсу неўзабаве ўжо на нашай палове з крыкам ўпаў палачанін. Арбітр паказаў на 11-метровую кропку, а бамбардзір фаварыта Павел Лоўгач на 55-й хвіліне прабіў бездакорна — 4:2. Да гонару пастаўчан, яны правялі замены і самааддана змагаліся да канца. За 4 хвіліны да фінальнага свістка наш рэзервовы форвард Крысціян Дзеўгуць перайграў апекуна з варатаром і скараціў розніцу да мінімуму. Нават наш варатар пайшоў на розыгрыш штрафнога, але звесці напружаную сустрэчу да баявой нічыёй не атрымалася.
Пад апладысменты гледачоў пакінулі поле стадыёна «Спартак» Чашун, Маршын (Касенка), Голубеў (к), Пучынскі, Камісарчук, Звяруга (Квяткевіч), Жылевіч (Цыўнель), Дзяменцьеў (Галяш), Каралёнак (Дзеўгуць), Кундра (Янушкевіч), Вілейта (Чалей). У туры з аднолькавым лікам 3:0 міёрцы адолелі аршанцаў, а сенненцы — віцебскі «Газавік». Пасля першага круга наперадзе каманда «Полацка», у якой 16 ачкоў, за ёй — ФК «Міёры» (15) і «Газавік» (10). Пастаўчане перамясціліся на 5-е прамежкавае месца, а ў нядзелю, 28 чэрвеня, яны правядуць перанесены паядынак у Оршы. У Сянно прыедуць гарадокцы. Пасля гэтага ФСК «Паставы» выступіць на абласным этапе Кубка рэгіёнаў Беларусі, а ў другой палове чэмпіянату 4 сустрэчы правядзе на сваім полі.
У мінулыя выхадныя ў групе «В» зафіксавалі такія вынікі: «Дзвіна» (Верхнядзвінск)—«Нафтавік» (Наваполацк) — 0:0, ФК «Глыбокае»—
«Ніва» (Талачын) — 7:2. Шмат галоў убачылі гледачы на матчах групы «С»: ФК «Шуміліна»—«Днепр» (Дуброўна) — 4:3, «Дрывяціч» (Браслаў)—«Дзвіна» (Бешанковічы) — 1:2.
Уладзімір Шык


