Дасягненні беларускіх спартсменаў у такім цікавым і відовішчным відзе спорту, як біятлон, вядомыя ўсяму свету. Не менш папулярныя ў нашай краіне і дзіцячыя біятлонныя спаборніцтвы «Снежны снайпер» на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба. Іх раённы этап прайшоў на Пастаўшчыне ў мінулую суботу на базе Навасёлкаўскай СШ імя А. А. Валодзькі.
Спаборніцтвы сабралі 8 каманд з трох гарадскіх і пяці сельскіх устаноў адукацыі. Прадэманстраваць трапнасць стральбы і хуткасць праходжання лыжнай трасы ў аграгарадок Навасёлкі прыехалі вучні пастаўскіх СШ №2 імя Н. М. Асяненкі, №3 і №4 імя В. Ф. Франтова, Варапаеўскай Дунілавіцкай, Камайскай сярэдніх і Курапольскай базавай школ. Каманды складаліся з трох хлопчыкаў і трох дзяўчынак, якія выступалі ў трох узроставых групах: 2015—2016, 2013—2014 і 2011—2012 гадоў нараджэння. Прадстаўнікі малодшай групы беглі дыстанцыю ў 600 метраў, сярэдняй — 900, старэйшай — 1 200 метраў. На палове яе была стральба са становішча лежачы. Патрабавалася закрыць 5 мішэняў з адлегласці 10 метраў.
— Дыстанцыі павінны былі быць у два разы даўжэйшымі з дзвюма стрэльбамі лежачы, — расказваў настаўнік фізічнай культуры і здароўя навасёлкаўскай школы, адзін з арганізатараў «Снежнага снайпера» Генадзій Ластоўскі. — Але з-за моцнага марозу мы вырашылі скараціць іх. З гэтай жа прычыны перанеслі на гадзіну пазней старт спаборніцтваў. Каб удзельнікі не змерзлі, сагравалі іх гарачым чаем з пячэннем. Увогуле, усё прайшло добра. У судзействе мне дапамагалі калега з СШ №1 Павел Міхалевіч, які прывёз біятлонныя ўстаноўкі для стральбы, і старшакласнікі нашай школы. Яны лічылі промахі ўдзельнікаў і сачылі за правільнасцю праходжання дыстанцыі.
Што да вынікаў, то ва ўсіх узроставых групах перамаглі навасёлкаўскія школьнікі, яны занялі агульнакаманднае 1-е месца. На 2-м месцы навучэнцы СШ №3, на 3-м — Курапольскай БШ.
Спаборніцтвы вызначылі найлепшых біятланістаў, якія на гэтым тыдні адправіліся абараняць гонар Пастаўскага раёна на аналагічных абласных стартах. У склад нашай дружыны ўвайшлі 12 чалавек — па два хлопчыкі і дзве дзяўчынкі ў кожнай узроставай групе. Каманду прадстаўлялі 7 школьнікаў з Навасёлак, 3 — з Варапаева і 2 — з Кураполля.
Алена Шапавалава
Фота даслаў Генадзій Ластоўскі





