Выездной фельдшер Тамара Войткевич уже 28 лет помогает людям

Здравоохранение

Прафесія медыка — адна з самых адказных і складаных. А фельчары хуткай дапамогі — увогуле асобная «каста». Іх называюць універсальнымі салдатамі медыцыны. Пастаянная гатоўнасць да выезду, экстраннасць дзеянняў, неардынарнасць выпадкаў, вялізная адказнасць — вось характэрныя асаблівасці іх работы.

Выязны фельчар Варапаеўскага паста Віцебскага абласнога цэнтра хуткай медыцынскай дапамогі Тамара Вайткевіч працуе тут 28 гадоў. Магла б пайсці на льготную пенсію, але пакуль не збіраецца пакідаць сваю работу, бо вельмі любіць яе.

— Цяжкасцей хапае, — гаварыла медык. — Але яны мяне не палохаюць, бо я загартаваная з дзяцінства. Расла ў вясковай мнагадзетнай сям’і, змалку прывучаная да працы не толькі дома — яшчэ пяцікласніцай замяняла маці на ферме, даіла кароў.

Калі хто з іх, шасцярых дзяцей, захворваў, Тома бегла па таблеткі на мясцовы ФАП, якім загадвала Ніна Белякова. А з часам і без прычыны заглядвала туды. Фельчар паказвала дзяўчынцы лякарствы, расказвала пра іх і нават дазваляла прысутнічаць пры прыёме пацыентаў. Тамара назірала за гэтым, затаіўшы дыханне: як можна вызначыць, што за захворванне ў чалавека і чым яго трэба лячыць? Напэўна, з таго і пачалася яе прафарыентацыя…

Выездной фельдшер Тамара Войткевич уже 28 лет помогает людям

Полацкае медвучылішча па спецыяльнасці «Фельчар» Тамара закончыла ў 1989 годзе. Некалькі месяцаў працавала на ФАПе ў Свіранах. Пасля дэкрэтнага водпуску ўладкавалася медсястрой у хірургічнае аддзяленне Варапаеўскай раённай бальніцы. Адпрацавала ў ім шэсць гадоў, многаму навучылася.

— А з мая 1998-га і па сёння — я на хуткай дапамозе, — расказвала фельчар. — Добра памятаю першы выклік. У вёску Дземяшы, што непадалёк Варапаева, прыехала пагасціць да родных маладая мама з трохгадовым сыночкам. У хлопчыка паднялася тэмпература. Я звярнула ўвагу на тое, што ён вельмі худзенькі і бледны, і пацікавілася ў маці, чаму так. Жанчына расказала, што ўжо месяц, як дзіця дрэнна есць, яму нават цяжка глытаць ежу, але ні яна сама, ні педыятр не знаходзяць прычыны гэтага. Я выказала меркаванне, што, магчыма, хлопчык штосьці праглынуў і яно засталося ў страваводзе, і настаяла на тым, каб тэрмінова зрабілі рэнтгенаўскі здымак. Маё падазрэнне пацвердзілася: у страваводзе малога прыліп маленькі ключык ад цацкі. Яго дасталі зондам. А мог жа пашкодзіць стрававод, і тады наступствы былі б вельмі сур’ёзныя.

Выклікі на «хуткую» паступа­юць з розных прычын: высокі ціск, арытмія, тэмпература, крывацёк, атручэнне, інсульты, інфаркты, траўмы, пажары, утапленні, дарожна-транспартныя здарэнні. Ды ці мала чаго іншага здараецца, што пагражае здароўю і жыццю чалавека! І пацыенты розныя. Адны раскажуць пра ўсё, што іх непакоіць, іншыя што-небудзь утояць, і ў такім выпадку медыку цяжэй вызначыцца з дыягназам і мерамі, якія неадкладна трэба прымаць. Пры выратаванні жыцця дарагая кожная хвіліна. Важна не толькі стабілізаваць стан пацыента, але і як мага хутчэй даставіць яго ў бальніцу.

— Перадаўшы хворага ўрачам, за кожнага перажываю, — дзялілася Тамара Зыфрыдаўна. — Званю ў бальніцу, цікаўлюся яго станам. Радуюся, калі чалавек ідзе на папраўку, смуткую, калі жыццё абрываецца. Тым не менш прафесійнае выгаранне мне не пагражае, бо вельмі люблю сваю работу, хоць і стамляюся. Асабліва цяжка было падчас эпідэміі каранавіруса, калі здаралася да 17 выклікаў за змену, якая доўжыцца суткі.

З хвіліны на хвіліну можа раздацца тэлефонны званок і паступіць чарговы выклік. А пакуль спакойна, мы размаўляем з Тамарай у салоне «хуткай». Фельчар расказвае, наколькі палепшыліся ўмовы работы. У мінулым годзе Варапаеўскі пост атрымаў новую МАЗаўскую «хуткую». Высокі салон, у ім цёпла, бо ўстаноўлены абагравальнік. Машына ўкамплектавана вакуумнымі насілкамі для дарослых і дзяцей і цвёрдымі для пераноскі хворых з траўмай пазваночніка, эвакуацыйным крэ­слам. Ёсць балоны з дазіраванай падачай кіслароду, кардыёграф, дэфібрылятар і многае іншае.

Медык з цеплынёй гаварыла пра ўсіх, з кім працавала раней, і пра цяперашніх калег. Хваліла маладых. Прызналася, што раней вучыла прафесіяналізму навічкоў, а сёння іншы раз сама звяртаецца да маладзейшых па параду, асабліва па пытаннях, якія датычыць сучасных камп’ютарных тэхналогій.

Тамару Вайткевіч добра ведаюць жыхары не толькі Варапаева, але і ўсіх навакольных вёсак. Не злі­чыць колькасць пацыентаў, якім амаль за тры дзесяцігоддзі работы на «хуткай» яна аказала дапамогу і нават выратавала жыццё. А вось жыццё яе любімага мужа абарвалася раптоўна. Аўдавела яна пяць гадоў назад. Сын дарослы, жыве з сям’ёй у Мінску. Але жанчына не адна, яна выхоўвае 14-гадовага пляменніка Антона, над якім апякуецца з яго трохмесячнага ўзросту. Трымае невялікую гаспадарку, шчыруе ў Цівунцах на дачы, а дакладней — у бацькоўскім доме і на прысядзібным участку ля яго. Адным словам, жыве такімі ж клопатамі, як і большасць варапаеўцаў. Але чым бы ні займалася або ў га­дзіны начнога бяссоння так і вяртаецца ў думках да папярэдніх выездаў на выклікі, стану пацыентаў, аналізу сваіх дзеянняў. Такая прафесія!

Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.