У канцы мінулага года набыла моц пастанова Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь №179 «Аб арганізацыі работы службы хуткай медыцынскай дапамогі». Што новага ўнесла яна ў дзейнасць гэтай службы, «ПК» расказаў урач хуткай медыцынскай дапамогі (загадчык аддзяленняў «Паставы», «Браслаў», «Шаркаўшчына») Уладзімір Чакавы:
— Прыняцце новага дакумента, які рэгламентуе нашу работу, прадыктавана жыццём. За 25 гадоў дзеяння папярэдняй пастановы ў службе хуткай медыцынскай дапамогі краіны адбыліся сур’ёзныя структурныя змяненні, змяніліся ўмовы аказання дапамогі і нарматыўная база, адбылося ўкараненне лічбавізацыі. Гэта выклікала неабходнасць замацаваць усё заканадаўча.
У пастанове №179 захаваны асноўныя падыходы да арганізацыі работы службы «хуткай», не змяніліся і яе задачы. Мы па-ранейшаму працуем у рэжыме паўсядзённай або павышанай гатоўнасці, ранейшымі засталіся тэрміны чакання брыгад. Яны залежаць ад катэгорыі выкліку і месца пражывання пацыента. Так, у выпадку экстраннага выкліку, калі існуе пагроза жыццю, чаканне складае да 20 хвілін у горадзе і 35 хвілін у іншых населеных пунктах. Неадкладны выклік прадугледжвае чаканне да 75 хвілін у горадзе і 90 — для сельскіх жыхароў. Пры гэтым у неадкладных выкліках з’явілася новая нагода — кансультацыя псіхіятрычнай брыгады хуткай медыцынскай дапамогі. Час яе чакання не павінен перавышаць 195 хвілін у горадзе і 210 хвілін у сельскіх населеных пунктах. Заўважу, што ў нашай вобласці такая брыгада маецца ў Віцебску.
Ёсць і іншыя новаўвядзенні. Важным момантам стала ўзаконенне створаных у рэспубліцы 1 мая 2024 года абласных і міжраённых цэнтраў хуткай медыцынскай дапамогі. Апошніх у паўночным рэгіёне 4: у Віцебску, Оршы, Полацку і Глыбокім. У склад глыбоцкага ўваходзіць наша аддзяленне «Паставы». На абласным і міжраённым узроўнях вызначаны парадак прыёму, рэгістрацыі і перадачы выклікаў брыгадам «хуткай».
Тут трэба адзначыць, што мы аказваем медыцынскую дапамогу насельніцтву не толькі той адміністрацыйнай тэрыторыі, якую абслугоўваем, але і сумежных тэрыторый. Пры паступленні выкліку на яго выязджае тая брыгада, якая знаходзіцца найбліжэй. Такім чынам змяншаецца час чакання «хуткай» пацыентамі, асабліва ў выпадку экстранных выклікаў. На працягу мінулага года ў нашым аддзяленні было больш за 100 выездаў на сумежныя тэрыторыі, у асноўным у Браслаўскі і Шаркаўшчынскі раёны. Да жыхароў Пастаўшчыны не раз выязджалі брыгады з Глыбокага, Браслава і Шаркаўшчыны. Раней гэта рабілася ў адпаведнасці з загадам начальніка галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Віцебскага аблвыканкама. Цяпер міжраённае ўзаемадзеянне замацавана ў прынятай пастанове.
Таксама адрэгуляваны пытанні ўзаемадзеяння з брыгадамі неадкладнай медыцынскай дапамогі амбулаторна-паліклінічных арганізацый аховы здароўя. У нашым раёне яны маюцца ў Пастаўскай ЦРБ і Варапаеўскай райбальніцы.
Пастановай №179 зацверджана Інструкцыя аб парадку арганізацыі дзейнасці службы хуткай медыцынскай дапамогі. У ёй у дэталях прапісана, якімі павінны быць аснашчэнне брыгад «хуткай», штатны расклад цэнтраў і аддзяленняў, іншыя пытанні. Сказана і чым не павінны займацца нашы работнікі. Яны не назначаюць лячэнне пацыентам і не выконваюць ніякія планавыя назначэнні ўрачоў, за выключэннем абязбольвання анкахворых у адпаведнасці з пісьмом ад урача-анколага, не выпісваюць рэцэпты на лякарствы і не адкрываюць бальнічныя лісты. Таксама не праводзяць асведчанне на прадмет алкагольнага ап’янення і не ставяць такі дыягназ, не перавозяць грамадзян з дома ў арганізацыі аховы здароўя і назад. Транспарціроўка ажыццяўляецца толькі ў стацыянар у выпадку, калі хвораму патрабуецца тэрміновая шпіталізацыя. У абавязкі работнікаў хуткай дапамогі не ўваходзіць і замена катэтараў, павязак, іншыя маніпуляцыі, звязаныя з доглядам хворых. Гэта важна ведаць, выклікаючы «хуткую».
Запісала Алена Шапавалава

