Нядаўна мы расказалі на старонках «ПК» пра тое, як у Паставах прайшоў кастынг папулярнага тэлевізійнага вакальнага праекта «Зорны шлях» і каго выбралі для ўдзелу ў шоу. Як аказалася, акрамя Аляксандра Апанасевіча, у каманду беларускага спевака і кампазітара Тэа трапіла яшчэ адна ўраджэнка Пастаў — Алена Скнар, якая цяпер жыве ў г.п. Плешчаніцы Лагойскага раёна Мінскай вобласці.
Алене (яе дзявочае прозвішча Вабішчэвіч) 35 гадоў. Яна працуе аператарам ЭВМ у пункце BelToll (сістэма платных дарог). Па адукацыі — тэхнік паштовай сувязі, скончыла Віцебскі каледж сувязі. А да гэтага — пастаўскія СШ №3 і дзіцячую музычную школу па класе скрыпкі.
— У агульнаадукацыйнай школе я наведвала вакальны гурток, у музычнай іграла і спявала ў народным ансамблі, — расказвала Алена Скнар. — Прадоўжыла спяваць і ў каледжы, запісаўшыся ў вакальную студыю. Выступала на сцэне ў сваёй навучальнай установе, пару разоў — на гарадскіх святах у Віцебску. А вось апошнія 10 гадоў музыкай не займалася зусім, спявала толькі дома для сябе.
Аб’яву пра кастынг «Зорнага шляху» ўбачыла ў «Пастаўскім краі» маці Алены і пацікавілася ў дачкі, ці не хоча тая прыняць у ім удзел. Дзяўчына загарэлася гэтай ідэяй. Перагледзела ў інтэрнэце кастынгі шоу мінулых сезонаў, ацаніла вакальны ўзровень іншых удзельнікаў і зразумела, што таксама можа паспрабаваць трапіць у праект. У вызначаны дзень спецыяльна прыехала на малую радзіму.
— Чакаючы выхаду на сцэну, я вельмі хвалявалася, піла валяр’янку, — прызнаецца зямлячка. — Выйшаўшы, крыху супакоілася. Але засталася не зусім задаволеная сваім выступленнем, разумела: магла б спець лепш, калі б не хваляванне. Акрамя таго, падчас выканання песні — а я выбрала Skyfall брытанскай спявачкі Адэль, лірычную, дастаткова спакойную ў пачатку з кульмінацыяй у канцы — члены журы спынілі мяне і папрасілі выканаць іншую кампазіцыю, якая пакажа мае высокія ноты. А потым вырашылі паслухаць канцоўку Skyfall без музычнага суправаджэння.
Пасля заканчэння кастынгу Алена Скнар вярнулася ў Плешчаніцы, не асабліва спадзеючыся на тое, што яе выберуць для ўдзелу ў шоу. Але праз тыдзень на работу нечакана прыехала здымачная група на чале з Тэа. Спявак зайшоў у пункт аплаты пад выглядам кліента і паведаміў, што дзяўчына ў праекце ў яго камандзе. Можаце ўявіць сабе эмоцыі будучай канкурсанткі?!
У верасні Алену і іншых выбраных на кастынгах чакае трэніровачны лагер. А затым пачнецца самае цікавае — конкурсная барацьба, якую пакажуць у тэлеэфіры. Не прапусціце і трымайце кулачкі за нашых удзельнікаў!
Алена Шапавалава
Фота даслала Алена Скнар

