Чэмпіянат Беларусі па футболе
Два розныя таймы
ФСК «Паставы» — ФК «Сянно» — 3:2
Другі наш дамашні матч сезона нядзельным вечарам завяршаў гульнявую праграму 10-га тура ў наймацнейшай групе «А». Абодва лідары першынства дабіліся на сваім полі поспеху: «Газавік» (Віцебск) — «Гарадоцкія львы» — 3:2, ФК «Міёры» — «Полацк-2019» — 2:1. Гульня ў Паставах мела важнае значэнне для нашых, бо нават нічыйны вынік пакідаў каманду восенню ў зоне пераходных матчаў за права застацца ў эліце.
ФСК «Паставы» прыйшлі падтрымаць зноў звыш 300 гледачоў, у тым ліку кіраўнік раёна Сяргей Чэпік. Усім было прыемна, што гаспадары поля адразу ўзялі мяч пад свой кантроль і пачалі дамінаваць над сапернікам. У выніку на 9-й хвіліне Дзмітрый Рогач далёкай перадачай вывеў на ўдарную пазіцыю цэнтрфорварда Кірыла Каралёнка, які адкрыў лік — 1:0. Пастаўчане гулялі прыгожа, шмат камбінавалі і прымусілі сенненцаў толькі абараняцца. Неўзабаве сваё майстэрства прадэманстраваў флангавы нападаючы Дзмітрый Кундра, па паветры накіраваўшы мяч у сетку. Ён жа на 37-й хвіліне адклікнуўся на прастрэльны пас і давёў лік на табло да разгромнага — 3:0. Толькі за хвіліну да перапынку сапернік упершыню стрэліў у бок нашых. На апошняй хвіліне двое абаронцаў гасцей цудам адбілі мяч з лініі варот і не далі вызначыцца пасля ўзорнай камбінацыі Аляксандру Кучараву.
А вось у другім тайме сітуацыя на полі карэнным чынам змянілася. Нашы рана супакоіліся і дазволілі сенненцам пераламаць ход барацьбы. У пастаўчан прыбавілася браку ў перадачах, абаронцы сталі памыляцца, чым на 57-й хвіліне скарыстаўся резервіст Яўген Кулік — 3:1. Гэты поспех надаў саперніку дадатковых сіл, а нашы, наадварот, разгубіліся і занерваваліся. Каля варот пастаўчан пачасціліся небяспечныя атакі, а за 20 хвілін да фінальнага свістка запасны апорнік Сянно Арцём Ягоранка скараціў разрыў у ліку да мінімума. Акрылены сапернік паверыў, што можа выратавацца ад пройгрышу. У нервовай канцоўцы нашы пасля сямі замен перавялі гульню на чужую палову, аднак сенненцы двойчы небяспечна стрэлілі побач са штангай. Ужо ў дадатковы час полацкі суддзя матча пашкадаваў саперніка і не прызначыў пенальці пасля зносу ў штрафной пляцоўцы Рамана Мядзведзева.
З цяжкасцю давялі сустрэчу да важнай перамогі Бяляўцаў, Камісарчук, Голубеў (к), Рогач (Пучынскі), Касенка, Звяруга (Давідоўскі), Жылевіч (Р. Зелянкевіч), Ясюковіч (Цыўнель), Кучараў (Пурлан), Кундра (Курыловіч), Каралёнак (Мядзведзеў). У пастаўчан стала 9 набраных ачкоў, і цяпер яны дзеляць з гарадокцамі 4-5 прамежкавыя месцы. Наперадзе ідуць віцябляне і міёрцы (у іх па 21 ачку), «Полацк-2019» (13), а за намі — сенненцы (7) і наступны сапернік у нядзелю, 3 жніўня, — «Ніва» (Талачын), у якой 2 ачкі. Абвастрылася барацьба ў іншых падгрупах. У іх паядынкі прынеслі такія вынікі: «Дзвіна» (Верхнядзвінск) — ФК «Глыбокае» — 0:5, ФК «Чашнікі» — ФК «Лепель» — 3:1, «Ураджай» (Віцебскі р-н) — «Чырвоны барэц» (Орша) — 0:0, ФК «Шаркаўшчына» — «Партызан» (Ушачы) — 4:2, ФК «Ліёзна» — ФК «Шуміліна» — 1:1.
Уладзімір Шык


