Кубак рэгіёнаў Беларусі па футболе
Пастаўчане зноў у фінале!
1/2 фіналу. «Газавік» (Віцебск)–ФСК «Паставы» – 2:2 (па пенальці – 8:9)
Напружаная паўфінальная сустрэча супраць 4-разовага дзеючага чэмпіёна адбылася ў Віцебску і стала трэцяй па ліку ў гэтым сезоне. Пастаўчане выбралі для сябе правільную тактыку: свядома сталі гуляць другім нумарам, а пры авалоданні мячом — праводзіць хуткія контратакі. Адна з іх ужо на 4-й хвіліне завяршылася прызначэннем небяспечнага штрафнога ўдару насупраць варот «Газавіка». Мяч у вароты саперніка забіў апорнік Аляксандр Звяруга, які вывеў нашу каманду наперад (0:1).
Віцябчане ўзмацнілі свой націск, падавалі шмат вуглавых. Але нашы не давалі ім прабіцца на ўдарныя пазіцыі. Заключныя ўдары саперніка былі недакладнымі. У сярэдзіне тайма наша каманда адказала дзвюма вострымі камбінацыямі і ледзь не павялічыла сваю перавагу. Толькі перад самым свістком на перапынак «газавікі» адыграліся з пенальці намаганнямі Уладзіслава Марозава.
У другой палове матча характар барацьбы не змяніўся. Пастаўчане цярпліва гулялі строга ад абароны, а пасля гадзіны супрацьстаяння ўсё часцей сталі непакоіць свайго саперніка. Нарэшце цэнтральны нападаючы Кірыл Каралёнак скарыстаўся пазіцыйнай памылкай сваіх апекуноў і ўдарам па паветры зноў вывеў нашу каманду наперад — 1:2.
Гульня абвастрылася, ФСК «Паставы» не стаў гуляць на ўтрыманне пераможнага ліку. У канцоўцы хапала ўзаемных вострых момантаў. А на 90-й хвіліне пашчасціла саперніку: пасля падачы вуглавога вызначыўся яго рэзервовы абаронца Антон Вакар.
Асноўны час матча завяршыўся крыўднай для пастаўчан баявой нічыёй. Па рэгламенце для вызначэння фіналіста была прызначана серыя пенальці, а ўсяго футбалісты прабілі 22 удары. Сапраўдным героем у ёй стаў наш вопытны 37-гадовы варатар Аляксей Бяляўцаў, які ў скачку адбіў першы стрэл. Развіць поспех пастаўчане не змаглі, а потым увесь час адыгрываліся да ліку 8:8. Затым Аляксей яшчэ двойчы справіўся з ударамі саперніка і правёў рашаючы гол, перайграўшы свайго віцебскага калегу Віталя Мядзельца.
Лёс пуцёўкі ў фінал вырашылі стрэлы галкіпераў. Бяляўцаў узяў на сябе ўдар Віталя Мядзельца, а неўзабаве яго перайграў.
Значнай перамогі ў Віцебску дабіліся Бяляўцаў, Пучынскі (Маршын), Рогач, Голубеў (к), Касенка (Галяш), Камісарчук, Кундра (Курыловіч), Звяруга, Жылевіч (Цыўнель), Вілейта (Ясюковіч), Каралёнак (Мядзведзеў).
Другім фіналістам Кубка вобласці паўторна стаў ФК «Міёры», які дабіўся перамогі ў Гарадку з лікам 3:0. Дзе і калі пастаўчане з міёрцамі разыграюць трафей, будзе вядома пазней. Але спачатку на абноўленым гарадскім стадыёне яны правядуць матч чэмпіянату 2-й лігі. У ёй у групе «С» «Дзвіна» (Бешанковічы) згуляла ўнічыю (2:2) з ФК «Лёзна».
Уладзімір Шык

