У нядзелю на Пастаўшчыну прыбылі пяць новых камбайнаў вытворчасці «Гомсельмаш».
Камбайны размеркавалі ў чатыры гаспадаркі. У ААТ «Ярэва-агра» і «Сцяг Перамогі-агра» новую тэхніку даверылі механізатарам лясгаса і ДЭУ-33 Сяргею Дунцу і Віктару Атрахімовічу, якія не першы год дапамагаюць тут на ўборцы збожжавых. На сельгаспрадпрыемстве «Дунілавічы-агра» ключы ад новага камбайна ўручылі Дзмітрыю Лысёнку, у старым камбайне якога ў пачатку жніва выйшаў са строю рухавік. Два камбайны атрымала ААТ «Камайскі-агра», дзе самы вялікі аб’ём жніва, а камбайнаў было толькі 6. На новыя сядуць Дзмітрый Дуброўскі і Уладзімір Карыцька. З імі я сустрэлася ў панядзелак і пацікавілася, ці задаволеныя яны новай тэхнікай.
Па словах механізатараў, камбайны «Гомсельмаша» ўжо даўно выйшлі на новы ўзровень. Іх вызначаюць палепшаны дызайн, высокі ўзровень камп’ютарызацыі і аўтаматызацыі, камфортная эрганамічная кабіна, цэлы арсенал найноўшых опцый, зручнасць у кіраванні.
— Я сваё камбайнёрства пачынаў на «Ніве», — успамінаў Уладзімір Карыцька. — Мой настаўнік — Валерый Руткоўскі. У яго быў памочнікам адразу пасля заканчэння вучылішча. Адслужыўшы тэрміновую службу, вярнуўся на камайскую зямлю. 13 сезонаў убіраў на «Доне», 2 — на «Лідзе», з 2018 года — на КЗС. Добры быў камбайн. Падчас сёлетняга жніва ўсіх буксіравалі па некалькі разоў на дзень, а мяне толькі два разы за два тыдні. Таму і паспеў намалаціць пад 500 тон азімага ячменю. Цяпер, пакуль абгледжу новы камбайн, у спаборніцтве адстану ад іншых.
Для Уладзіміра Карыцькі гэта 34-е жніво. Багаты стаж і ў Дзмітрыя Дуброўскага. Ён камбайнёрскую школу праходзіў пры бацьку. Шмат гадоў працаваў самастойна. Пару сезонаў ва ўборцы збожжавых не ўдзельнічаў — яго асноўным клопатам была нарыхтоўка кармоў.
Камбайны механізатары прыгналі з Глыбокага. За дарогу машыны прайшлі тэст-драйв. Цяпер Уладзімір і Дзмітрый дэталёва аглядаюць іх і праз дзень-другі далучацца да маштабнага збору ўраджаю.
Анна Анішкевіч

