Будынак пачынаецца з фундамента. Калі б у шматпавярховага дома не было трывалага падмурка, то дом з цягам часу абрынуўся б. Так і грамадства не можа існаваць без людзей, якія стаяць у аснове ўсяго створанага.
На жаль, нямногія задумваюцца аб прэстыжы і каштоўнасці рабочых прафесій. Але хіба можна ўявіць такое, што ніхто не захоча стаяць ля станкоў на заводзе, будаваць дамы і вытворчыя аб’екты, вырошчваць хлеб і жывёлу, аказваць бытавыя, камунальныя паслугі, выконваць многія іншыя работы? Безумоўна, нельга. І якімі б тэмпамі ні развіваліся найноўшыя тэхналогіі, усё роўна без рабочых рук не абысціся.
Сёлета мяне парадавала тое, што сярод лаўрэатаў звання «Чалавек года Пастаўшчыны-2024» шмат радавых працаўнікоў. Адзін з іх — аператар пральнага абсталявання райбыткамбіната Юлія Лапко. З ёй і вырашыла сустрэцца. Але найперш пагутарыла з дырэктарам прадпрыемства Тэрэзай Карчажкай.
— Юлія прыйшла да нас у чэрвені 2019 года, — расказвала Тэрэза Вільгельмаўна. — Вельмі старанная, адказная, працавітая, камунікабельная. У пральні невялікі і вельмі дружны калектыў, які дабіваецца добрых вынікаў. Напрыклад, за 2024 год тут памыта 89 тон бялізны, што на 5 тон больш, чым за 2023-і. У гэтым немалая асабістая заслуга Юліі.
З кіраўніком прадпрыемства ідзём у пральню. Размову з Юліяй пачынаю з незабыўнай для яе падзеі — прысваення звання «Чалавек года Пастаўшчыны». Маладая жанчына прызнаецца, што вельмі прыемна і ганарова было прысутнічаць на раённай урачыстасці, але вельмі хвалявалася, калі на сцэне РДК прымала віншаванне ад старшыні райвыканкама.
Юлія ніколі не думала пра тое, што яе нейкім чынам вылучаць сярод іншых. Проста працавала і працуе з поўнай аддачай, ахвотна бярэ на сябе дадатковую нагрузку. Год назад райбыткамбінат набыў і ўстанавіў абсталяванне для мыцця дываноў. Спачатку на ім працаваў па дагаворы падраду мужчына, а калі звольніўся, гэтым выклікалася заняцца, акрамя сваіх асноўных абавязкаў аператара пральнага абсталявання, Юлія.
— Мне падабаецца яшчэ і тое, што ў нас добры калектыў, — гаварыла жанчына. — Шмат гадоў пральняй загадвае Галіна Чыгір і ўмела арганізоўвае работу. Разам са мной працуюць Оля Міцюшкіна і Іра Шымковіч, з якімі сябрую.
Між іншым, па адукацыі Юлія Лапко швачка. Пасля 9 класаў скончыла полацкі каледж. Але шыццё яе не прывабіла, таму і не стала працаваць па спецыяльнасці. Уладкавалася ў Паставах на прыватнае прадпрыемства «Стирком», дзе адпрацавала 7 гадоў. А калі яно закрылася, прыйшла ў пральню райбыткамбіната на замену адпускнікоў. Уладкоўвалася часова, а засталася на пастаянна.
— Немалаважна, што Юлія мела вопыт работы. Заўважылі мы і яе старанне, — гаварыла дырэктар РКБА Тэрэза Карчажка. — Таму прапанавалі пастаянную работу. І не памыліліся.
У чэрвені Юлія была ў чарговым водпуску. Разам з мужам займалася домам, агародам, іншымі гаспадарчымі справамі. На сваё рабочае месца вярнулася з новымі сіламі. Зрэшты, сцвярджае, што работа ў пральні яе не стамляе. Напэўна, таму, што падабаецца, ды і заробак нядрэнны.
Фаіна Касаткіна

