З 10 жніўня на спартыўна-аздараўленчых зборах на СТК «Азяркі» знаходзіцца каманда Віцебскай вобласці па грэка-рымскай барацьбе. 11 жніўня набраць форму перад новымі стартамі ў Паставы прыехала валейбольная каманда «Марко» з абласнога цэнтра. А ў пятніцу з такой жа мэтай да нас прыбылі юныя валейбалісты з горада Цвер Расійскай Федэрацыі. Прадстаўнікі гульнявых відаў спорту трэніруюцца на ФАКу.
На зборы ў Паставы беларускія, ды і расійскія, спартсмены прыязджаюць даўно, паколькі тут ёсць усе ўмовы для іх правядзення: добрая спартыўная база, гасцініцы для пражывання. А пасля адкрыцця гасцініцы ў «Азярках» і рэканструкцыі гарадскога стадыёна гэтыя магчымасці пашырыліся. Немалую ролю адыгрывае рэклама ў інтэрнэце, якую размяшчаюць прадстаўнікі аддзела спорту і турызму райвыканкама, а таксама асабістыя запрашэнні падчас выезду на розныя спаборніцтвы.
— Рашэнне праводзіць спартыўна-аздараўленчыя зборы па грэка-рымскай, вольнай і жаночай барацьбе на Пастаўшчыне мы прынялі на спартыўна-культурным фестывалі «Вытокі», — гаварыў старшыня федэрацыі барацьбы Віцебскай вобласці Аляксандр Арашонак. — Пабываўшы ў «Азярках», ацанілі ваш спартыўна-турыстычны комплекс і цудоўную прыроду. Да таго ж Пастаўскі раён — самы заходні ў вобласці, дзе ў нас ляжыць барцоўскі дыван.
Разам з Аляксандрам Арашонкам і двума трэнерамі ў «Азяркі» прыехалі 18 спартсменаў ва ўзросце ад 13 да 20 гадоў. Сярод іх – юнакі, якія ўваходзяць у Нацыянальную зборную Рэспублікі Беларусь, прызёры чэмпіянатаў Еўропы і ўдзельнікі чэмпіянатаў свету.
Гэта пераважна навучэнцы абласной спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы і вучылішча алімпійскага рэзерву. Ёсць і барцы з розных раёнаў вобласці. На днях да іх далучыліся выхаванцы пастаўскай ДЮСШ.
У працэсе збораў, якія прадоўжацца па 19 жніўня, юнакі і падлеткі актыўна трэніруюцца: бегаюць, плаваюць, падцягваюцца на турніках, гуляюць у футбол, валейбол, баскетбол — і дыхаюць чыстым сасновым паветрам. А па вечарах ловяць рыбу, узяўшы з сабой вудачкі. Уражанні ва ўсіх добрыя. Падабаецца і месца, і ўмовы пражывання. Спадзяёмся, новыя спартыўныя дасягненні зборнай вобласці на барцоўскім дыване не прымусяць сябе чакаць.
Алена Шапавалава
Фота СТК «Азяркі»

