Чэмпіянат Беларусі па футболе. ФСК «Паставы»–«Гарадоцкія львы» – 1:5

Спорт и туризм

Чэмпіянат Беларусі па футболе

ФСК «Паставы»–«Гарадоцкія львы» – 1:5

Галоўная інтрыга сезона 2-й лігі на Віцебшчыне вырашылася яшчэ ў мінулую суботу. ФК «Міёры» на сваім полі з лікам 6:2 абыграў каманду Сянно і датэрмінова трэці раз у сваёй гісторыі стаў найлепшай камандай Прыдзвіння. У Паставах на наступны дзень барацьба фактычна ішла за выніковае 4-е месца, бо ў паралельным матчы «Полацк-2019» яшчэ да перапынку правёў 4 мячы ў вароты «Нівы» (Талачын). Палачане выйгралі паядынак з лікам 12:1 і падняліся на 2-е прамежкавае месца, на якое прэтэндуе яшчэ віцебскі «Газавік», які тур прапусціў.

На нашым гарадскім стадыёне са шматлікімі гледачамі, сярод якіх быў кіраўнік раёна Сяргей Чэпік, адбылася захапляльная гульня. На працягу ўсяго матча ішоў адкрыты атакуючы футбол, а наш сапернік ужо на 6-й хвіліне скарыстаўся памылкай варатара, і расійскі легіянер Мікіта Іваноў адкрыў лік — 0:1. Пастаўчане пастараліся пераламаць ход барацьбы, і праз тры хвіліны цэнтральны абаронца Дзмітрый Рогач з другой спробы зраўняў лік на табло. Па чарзе каманды абмяняліся галявымі момантамі. Але на 30-й хвіліне гарадокцы зноў выйшлі наперад. У падзенні ўдарам праз сябе па паветры сапернікаў вывеў наперад другі расійскі легіянер Яўген Вавакін. Да перапынку нашы не змаглі адыграцца.

Чэмпіянат Беларусі па футболе. ФСК «Паставы»–«Гарадоцкія львы» – 1:5

У другім тайме «Гарадокскія львы» адышлі ў абарону і перыядычна адказвалі вострымі
контрвыпадамі. Бліскучую рэакцыю дэманстраваў варатар саперніка Арцём Палавінскі, які двойчы выцягнуў «мёртвыя» мячы. Лёс напружанага паядынку вырашыўся напрыканцы сустрэчы. Перад гэтым перакладзіна выратавала саперніка ад гола пасля стрэлу галавой Дзмітрыя Рогача. На 86-й хвіліне пазіцыйную памылку дапусціў наш варатар, і Аляксандр Шылаў правёў рашаючы пераломны мяч — 1:3. У канцоўцы пастаўчане спрабавалі адыграцца, аднак Уладзіслаў Чатовіч не трапіў у пустыя вароты. За няўменне рэалізаваць галявыя моманты праціўнік яшчэ двойчы пакараў нашу каманду і атрымаў буйную перамогу.

Павучальны для сябе паядынак дома згулялі Бяляўцаў, Маршын (к), Пучынскі (Голубеў), Рогач, Касенка, Ясюковіч (Р. Зелянкевіч), Жылевіч (Кундра), Звяруга (Цыўнель), Камісарчук (Чатовіч), Каралёнак (Курыловіч), Кучараў (Чалей). У наймацнейшай групе «А» засталося правесці 5 матчаў, а ў турнірнай табліцы каманды размясціліся так: 1-е месца — ФК «Міёры» (27 ачкоў), за ім — «Полацк-2019» (22), «Газавік» (21), «Гарадоцкія львы» (16), ФСК «Паставы» (12 і гульня ў запасе), ФК «Сянно» (7), «Ніва» (3).

У мінулыя выхадныя ў іншых падгрупах былі зафіксаваны наступныя вынікі: ФК «Глыбокае»—«Ураджай» (Віцебскі р-н) — 2:2, «Чырвоны барэц» (Орша)—ФК «Чашнікі» — 2:2, «Партызан» (Ушачы)—ФК «Бешанковічы» — 2:2, ФК «Шаркаўшчына»—«Дрывяціч» (Браслаў) — 6:0, ФК «Лёзна»—ФК «Докшыцы» — 1:3. Наша каманда ў наступным туры 24 жніўня дома пазмагаецца з палачанамі.

Чэмпіянат Беларусі па футболе. ФСК «Паставы»–«Гарадоцкія львы» – 1:5

Уладзімір Шык



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.