Чэмпіянат Беларусі па футболе. ФСК «Паставы»–«Ніва» (Талачын) – 7:3

Спорт и туризм

Чэмпіянат Беларусі па футболе

З акцэнтам на атаку

ФСК «Паставы»–«Ніва» (Талачын) – 7:3

Чарговы матч на гарадскім стадыёне стаў сапраўдным святам прыгожага, атакуючага футбола. Падтрымаць нашу каманду прыйшло 358 гледачоў (рэкорд для 2-й лігі ў Прыдзвінні), сярод якіх быў і кіраўнік Пастаўскага раёна Сяргей Чэпік.

Сустрэча праходзіла пад дыктоўку пастаўчан, якія адразу ж арганізавалі штурм варот саперніка. Ужо на 10-й хвіліне апорнік Аляксандр Звяруга па-майстэрску прабіў штрафны ўдар — 1:0. Праз дзве хвіліны нашы правялі ўзорную фланговую атаку, і правы паўабаронца Уладзімір Камісарчук падвоіў перавагу.

Талачынцаў гэта не засмуціла, і ў сярэдзіне першага тайма яны скарацілі розніцу ў ліку намаганнямі Кірыла Гранчыка — 2:1. Гульня абвастрылася, пайшла на сустрэчных курсах. Пасля паўгадзіны барацьбы сапернікі збілі ў сваёй штрафной Яўгена Ясюковіча, а прызначаны пенальці рэалізаваў Аляксандр Звяруга. Перавесці матч у спакойнае рэчышча пастаўчанам не ўдалося. Перад свістком на перапынак варатар Аляксей Бяляўцаў выратаваў каманду ад гола. Але неўзабаве сапернік удала разыграў штрафны ўдар, а пакінуты без апекі Ілья Малавецкі свой шанц не ўпусціў — 3:2.

Чэмпіянат Беларусі па футболе. ФСК «Паставы»–«Ніва» (Талачын) – 7:3

У другой палове сустрэчы зноў дамінавалі пастаўчане. Іх ціск толькі павялічваўся, а на 50-й хвіліне найлепшы бамбардзір каманды, цэнтрфорвард Кірыл Каралёнак прапхнуў мяч у сетку варот і правёў свой шосты гол у сезоне. Да гонару сапернікаў, яны трымаліся і адказвалі даволі небяспечнымі контратакамі. Нашы кінулі ў бой свежыя сілы — сем новых ігракоў, а найбольш ярка сярод іх праявіў сябе 17-гадовы нападаючы Ігнат Курыловіч. На 66-й хвіліне ён дакладна прабіў у далёкі вугал варот — 5:2.

Яшчэ праз 6 хвілін Ігнат стрэліў з лініі поля, і абаронца талачынцаў зрэзаў мяч ва ўласныя вароты. Хоць вынік сустрэчы быў прадвырашаны, пасля стрэлу свайго капітана Івана Качэргіна «Ніва» зноў вызначылася — 6:3. За 9 хвілін да фінальнага свістка наш Ігнат Курыловіч пад апладысменты балельшчыкаў давёў паядынак да пераканаўчай перамогі. Яе здабылі Бяляўцаў, Маршын, Голубеў (к, Пучынскі), Рогач, Касенка (Івашкоў), Ясюковіч (Вілейта), Жылевіч (Р. Зелянкевіч), Звяруга, Камісарчук (Дзеўгуць), Каралёнак (Курыловіч), Кучараў (Богай).

У чарговым туры ў нашай групе «А» лідар — віцебскі «Газавік» — саступіў на выездзе ў Полацку з лікам 2:3. Наш наступны сапернік — «Гарадоцкія львы» — дома быў мацнейшым (1:0) у матчы з ФК «Сянно». Сітуацыя ў турнірнай табліцы не змянілася, толькі наступны, 12-ы, тур першынства пастаўчане прапусцяць.

У мінулыя выхадныя ў іншых падгрупах матчы завяршыліся так: ФК «Глыбокае»—ФК «Лепель» — 3:2, «Ураджай» (Віцебскі р-н)—ФК «Чашнікі»—3:0, «Чырвоны барэц» (Орша)—«Дзвіна» (Верхнядзвінск) — 8:1, ФК «Лёзна»—«Дрывяціч» (Браслаў) — 2:5, «Партызан» (Ушачы)—ФК «Шуміліна» — 3:1, ФК «Докшыцы»—«Дзвіна» (Бешанковічы) — 3:2.

Уладзімір Шык
Фота Антона Чаляя



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.