На Пастаўшчыне першымі яго пакарылі вадзіцель ААТ «Сцяг Перамогі-агра» Юрый Квач і сямейны экіпаж камбайнера СП «Дунілавічы-агра» Андрэя Галінскага і яго дачкі Дар’і.
У пятніцу камбайнеры ААТ «Сцяг Перамогі-агра» пераехалі на поле з азімай пшаніцай ля Кубарак. Гэта культура тут урадзіла нядрэнна, хутчэй сталі набірацца бункеры, павесялелі хлебаробы. Вадзіцелі Юрый Квач і Уладзімір Яркоўскі чакалі, пакуль каторы з камбайнераў падасць знак пра поўны бункер і машына адправіцца пад загрузку. У гэты час у поле завіталі старшыня райвыканкама Сяргей Чэпік, начальнік аддзела арганізацыі сельскагаспадарчай вытворчасці ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Таццяна Андрэева, прафсаюзны лідар аграрыяў раёна Васілій Катовіч і работнікі культуры. Героем дня быў Юрый Квач, які першым на Пастаўшчыне перавёз 1 000 тон зерня і рапсу.
— Юрый Зыфрыдавіч! Шчыра віншую! — гаварыў, паціскаючы руку вадзіцелю, Сяргей Чэпік. — Тысяча тон для цябе — справа прывычная. Такога паказчыка ты дабіваўся практычна падчас кожнага жніва. Сёлета — першым у раёне! Дзякуй за руплівасць!
Да віншаванняў далучыліся таксама дырэктар сельгаспрадпрыемства Максім Чагарын і галоўны аграном Марына Гваздзеўская.
— У тым, што я перавёз тысячу тон збожжа, не толькі мая заслуга, — сціпла адзначыў Юрый. — Каб вырас добры ўраджай, папярэдне шчыравалі механізатары на ўздыме зябліва, апрацоўцы глебы, сяўбе, унясенні ўдабрэнняў, хімапрацоўцы. Нялёгкае сёлета жніво — тэхніка буксуе. У спрыяльныя гады і больш за 2 000 тон перавозіў. Сёлета з-за дажджоў тэмпы нізкія.
Амаль два дзясяткі гадоў служыць вадзіцелю МАЗ. Работы на ім хапае круглы год. Завершыцца ўборка зерневых і зернебабовых — пачнецца нарыхтоўка кукурузнага сіласу. У міжсезонне Юрый возіць камбікорм, будаўнічыя матэрыялы і многае іншае. Але найбольшы азарт, па словах чалавека, выклікае жніво.
Гэта пацвердзіў і Андрэй Галінскі з СП «Дунілавічы-агра», які больш чым за 30 уборачных ні разу не намалочваў тысячу тон першым у раёне. Ён патомны хлебароб, на зямлі працавалі дзяды, прадзеды Андрэя. Перадавым камбайнерам быў бацька. У яго і пераняў любоў да тэхнікі, працавітасць. Цягнецца да сялянскай працы і дачка Даша. Хоць па спецыяльнасці яна лагіст, але ўжо на працягу 5 гадоў з задавальненнем падчас жніва дапамагае бацьку. І сёлета ёсць яе ўклад у тысячны намалот.
Як толькі на некалькі дзён усталявалася сонечнае надвор’е, жніво набрала тэмпы, адзін за адным «пасыпаліся» тысячнікі. У ААТ «Навасёлкі-Лучай» першым 1 000 тон збожжа перавёз вадзіцель Генадзій Літвіновіч, у ААТ «Камайскі-агра» — Павел Кеўліч.
Нязменна ў тысячніках Пастаўшчыны — камбайнер малочнага завода Васілій Чабуранаў, для якога сёлетняе жніво 18-е па ліку. Трэці год працуе на прадпрыемстве вадзіцель Яўгеній Бяляўскі і трэці год падчас жніва перавозіць тысячу тон збожжа. Перадавікоў у полі за Агароднікамі павіншавалі намеснік дырэктара завода Канстанцін Гайлеўскі, вядучы спецыяліст па ідэалогіі Аляксандра Гайлеўская, старшыня прафкама Наталля Грынько. Наперадзе — новыя дасягненні.
Анна Анішкевіч





