Некалькі тыдняў назад у новым касцёле Езуса Міласэрнага ў 5-м гарадку загучаў электронны арган, які называюць каралём музычных інструментаў.
У нотах і музыцы я не разбіраюся. Але тое, што касцёл напоўніўся чароўнымі гукамі, не заўважыць немагчыма. Ідэя набыць прафесійны інструмент для суправаджэння Богаслужэнняў у ксяндза-пробашча Паўла Самсонава ўзнікла года паўтара назад. Летась у снежні ён пачаў весці перамовы наконт гэтага з італьянскай фірмай. Парафіяне збіралі ахвяраванні на аплату аргана, яго перавозку. Усяго патрэбна было больш за 32 тысячы рублёў.
У пачатку чэрвеня арган даставілі на літоўска-беларускую граніцу. Але мытнікі суседняй дзяржавы палічылі тавар санкцыйным і не прапусцілі ў Беларусь. Фірма-пастаўшчык, каб выканаць абавязкі перад заказчыкам, пайшла іншым шляхам: другі такі інструмент адправіла праз Казахстан і Расію. І 26 ліпеня ён прыбыў у Паставы.
Першым націснуў на клавішы сам ксёндз-пробашч. У свой час, служачы міністрантам у родным валкалацкім касцёле, першыя ўрокі ігры на аргане ён атрымаў ад мясцовай арганісткі. Захапіўся музыкай. Іграў на ім і падчас вучобы ў Гродзенскай духоўнай семінарыі.
У касцёле Езуса Міласэрнага ёсць тры таленавітыя арганісткі: Вераніка Кузьміч, Анастасія Крывенька і Вераніка Сіланава. Да гэтага святую Імшу яны суправаджалі ігрой на звычайнай «Ямасе». Пасля яе, па словах арганістак, крыху няпроста пакараць «караля», у якога 3 мануалы (клавіятуры), педаль і больш за 50 рэгістраў. Але з кожнай святой Імшой арган гучыць усё больш велічна і магутна.
Анна Анішкевіч

