Зерневыя і зернебабовыя на Пастаўшчыне займалі сёлета 18 308 гектараў. Па стане на 22 жніўня яны ўбраны на 66% плошчы. Жніво ідзе ў экстрэмальных умовах.
На 5-м месцы ў вобласці
У склад Віцебскай вобласці ўваходзіць 21 раён. Дажджы прынеслі сапраўднае выпрабаванне аграрыям нашага, Шаркаўшчынскага, Верхнядзвінскага і Міёрскага раёнаў. Жніво часта станавілася на вымушаную паўзу. І цяпер на палях многіх гаспадарак камбайны літаральна патанаюць у гразі, буксуюць і пакідаюць на ржышчы глыбокія каляіны. На многія палі ўз’ехаць увогуле немагчыма.
Нягледзячы на цяжкасці, Пастаўскі раён па тэмпах уборкі на 5-м месцы ў вобласці. Найшпарчэй жніво ідзе ў Чашніцкім, Аршанскім, Лёзненскім раёнах. У Аршанскім, Віцебскім, Дубровенскім найвышэйшы валавы збор збожжа і складае 109, 63, 57 тысяч тон адпаведна. Пастаўскія хлебаробы і тут займаюць 5-е месца. На 22 жніўня яны сабралі 36 385 тон збажыны. Гэта на 2 000 тон больш, чым у мінулым годзе. Сярэдняя ўраджайнасць — амаль 30 цэнтнераў з гектара, што вышэй за леташні паказчык на 5 цэнтнераў. Азімага ячменю ў ААТ «Навасёлкі-Лучай», «Хацілы-агра» атрымалі з гектара адпаведна 68,4 і 57,8 цэнтнера, рапсу — 29,0 і 36,1. Значна больш збожжа, чым у мінулым годзе, намалацілі на СП «Дунілавічы-агра» (6 040 тон супраць 3 432), у ААТ «Сцяг Перамогі-агра» (4 378 супраць 2 336). Будзе прыбаўка і ў іншых гаспадарках.
На кантролі старшыні
Бываючы на палях раёна, бачу, што ўраджай зерневых і зернебабовых вырас нядрэнны. Але ў якіх складаных умовах ідзе яго ўборка, словамі не перадаць. У ААТ «Сцяг Перамогі-агра», «Ярэва-агра», на СП «Дунілавічы-агра» землі крыху лягчэйшыя, таму тут жніво практычна завяршылі. А вось у ААТ «Камайскі-агра», «Навасёлкі-Лучай», «Хацілы-агра» і «Кураполле-агра» хлеб стаіць яшчэ амаль на трэці плошчаў.
У гэтыя напружаныя дні практычна не застаць у кабінеце і старшыню райвыканкама Сяргея Чэпіка. Яго службовы аўтамабіль можна сустрэць на самых аддаленых палях Пастаўшчыны — ход жніва кіраўнік раёна трымае на асабістым кантролі.
— Становішча катастрафічнае, — гаварыў заклапочана Сяргей Васільевіч. — Яшчэ з восені мы заклалі добрую аснову пад ураджай. Нягледзячы на выпрабаванні надвор’я вясной, колас наліўся, на некаторых участках пшаніца дае 70 цэнтнераў з гектара. Хлеб ёсць, а сабраць яго — праблема: з-за дажджоў і пераўвільготненасці глебы тэхніка не можа ўз’ехаць на палі.
Жніво — па гразі
Да пачатку жніва на лінейцы гатоўнасці ў раёне стаяла больш за 50 камбайнаў, два з іх новыя. 5 адзінак атрымалі ў канцы ліпеня. Новы камбайн набыло ААТ «Навасёлкі-Лучай». Уборку пачалі тэхнічна падрыхтаванымі. Але з-за дажджоў унікла шмат праблем. Каля 10 энерганасычаных трактароў з трасамі пастаянна дзяжураць у палях. Па словах Сяргея Чэпіка, тэхніка не вытрымлівае: выходзяць са строю каробкі перадач, рухавікі. У выніку атрымліваюцца неймаверныя выдаткі на рамонт. На большасць палёў не могуць уз’ехаць аўтамашыны для адвозкі збожжа. Зерне даводзіцца дастаўляць у бункерах камбайнаў ледзь не да дарогі. Марнуецца час, перарасходуецца паліва.
Высокі ўраджай на многіх участках пакуль стаіць на карані. Няўбраныя каля 100 гектараў азімага рапсу ў ААТ «Камайскі-агра», хаця для гэтага выкарыстоўвалі камбайн, пераабсталяваны на гусенічны ход. 50 га гэтай культуры застаюцца ў ААТ «Янавіца-агра», 40 га азімага ячменю — у ААТ «Кураполле-агра». У гэтай гаспадарцы пакуль немагчыма ўбраць і 400 гектараў трыцікале, ураджайнасць якога пад 35 цэнтнераў з гектара. Уз’ехаць на тыя палі не ўдаецца ні з аднаго боку. Азімая пшаніца ў ААТ «Хацілы-агра» дае ў сярэднім больш за 60 цэнтнераў з гектара. І гэты багаты ўраджай прыйшлося пакінуць на некаторых участках каля Косаўшчыны, Рымак, Шымукоўшчыны, Шылаватага, Цёплых.
Рука дапамогі
Сітуацыю, што склалася з уборкай збожжавых на Пастаўшчыне, добра ведаюць у аблвыканкаме. З ходам жніва знаёміўся старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ігар Сергяенка. На дапамогу хлебаробам ААТ «Камайскі-агра» з Аршанскага камбіната хлебапрадуктаў прыбыў магутны высокапрадукцыйны камбайн «Лексіён-770» з 12-метровай жняяркай на гусенічным хаду. Камбайнер Генадзій Бабкоў на камайскіх землях намалаціў больш за тысячу тон збожжа. З такім напамалотам яго і напарніка Ілью Запрагаева павіншавала намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Таццяна Андрэева.
— У сваім раёне мы дапамагалі ва ўборцы некалькім гаспадаркам і набралі 1 000 тон, — расказвалі аршанцы. — Затым нас перакінулі ў «Камайскі». Там за 14 дзён таксама атрымалі больш за тысячу. Далася яна нялёгка: палі залітыя вадой. Нават на такой тэхніцы, як «Лексіён», на іх працаваць цяжка.
У сераду экіпаж пераехаў на дапамогу аграрыям ААТ «Навасёлкі-Лучай».
У пачатку гэтага тыдня руку дапамогі «Хацілам-агра» працягнула Гродзенская птушкафабрыка, накіраваўшы туды камбайнера і камбайн такой жа маркі, як і камайцам.
У напружаныя перыяды сельскагаспадарчых работ кожны год хлебаробам падстаўляюць плячо работнікі малочнага завода, лясгаса, ДЭУ-33, ДРБУ-132, АТП-16, «Рассвета Пастаўскага», РАНС, Дунілавіцкага сацыяльнага пансіяната, індывідуальныя прадпрымальнікі.
У цэнтры ўвагі — тысячнікі
Намалаціць або перавезці 1 000 тон збожжа — запаветная мара кожнага ўдзельніка жніва. У мінулыя гады першыя тысячнікі з’яўляліся ў ААТ «Хацілы-агра», «Навасёлкі-Лучай», «Камайскі-агра». Сёлета нечакана першым 1 000 тон збожжа з бункера камбайна выгрузіў Андрэй Галінскі з СП «Дунілавічы-агра». Як прызнаўся лідар, такое ў яго біяграфіі адбылося ўпершыню. Хоць за плячыма 34 уборачныя, столькі намалочваў усяго тры разы. У гэтым годзе вырас лепшы ўраджай, не падводзіў камбайн, што і паспрыяла поспеху. Другім тысячнікам у «Дунілавічах-агра» стаў Аляксандр Самковіч. Услед за вопытнымі камбайнерамі набраў тысячу тон Дзмітрый Лысёнак.
Настаў зорны час і для хацілаўцаў. Як толькі пачалася масавая ўборка, сталі прыбаўляцца тоны на рахунках і камбайнераў, і вадзіцеляў гэтай гаспадаркі. Тут нязменна першы сярод камбайнераў — Мікалай Чашун. Сёлета ў яго памочнікам сын Іван. Хлопец залічаны на вучобу ў Пастаўскі дзяржаўны каледж. За больш чым 30 уборачных памочнікаў у Мікалая Іванавіча было шмат. На жаль, нямногія засталіся працаваць у гаспадарцы.
— Рады, што нарэшце вырас сын, магу вучыць яго, — гаварыў Мікалай Іванавіч. — У мяне бацька быў камбайнерам. Пляменнік Арцём Чашун — у перадавіках. Спадзяюся, што і Іван стане годным прадаўжальнікам хлебаробскай справы.
Пакуль сямейны экіпаж прымаў віншаванні ад дырэктара сельгаспрадпрыемства Вячаслава Крыштафовіча, старшыні райкама прафсаюза работнікаў АПК Васілія Катовіча, камбайнеры Арцём Чашун, Андрэй Волк, Уладзімір Банькоўскі, Міхаіл Субач назіралі за працэсам з прыступак камбайна. Дзень-другі — і яны таксама будуць мець па запаветнай тысячы.
Сярод механізатараў, занятых на перавозцы збожжа, сёлета ў ААТ «Хацілы-агра» першым лідзіраваў Аляксандр Галубоўскі. За ім па 1 000 тон перавезлі Ян Янін і Міхаіл Машара. На чарзе — Уладзімір Іваноў.
Імкліва папаўняецца атрад навасёлкаўскіх тысячнікаў. Пакарылі тысячны рубеж і настроены на двухтысячны камбайнеры Генадзій Анкудовіч, Віктар Рогаў, Яўгеній Грышчанка, вадзіцель Генадзій Літвіновіч. У аўторак віншаванні ад Васілія Катовіча прымалі Аляксандр Варашкевіч і Аляксандр Міцько. У кагорце тысячнікаў і вадзіцель Сяргей Варашкевіч.
Камбайнеры, вадзіцелі — галоўныя героі жніва. Аднак ёсць нямала і тых, чыя праца непрыкметная, але вельмі запатрабаваная. Гэта слесары, токары, электрагазазваршчыкі, якія дапамагаюць у рамонце камбайнаў, іншай тэхнікі. Яны таксама заслугоўваюць шчырых слоў пахвалы. Напружаны час у аператараў зернесушыльных комплексаў. Дарэчы тут і дапамога студатрадаўцаў. Смачнымі абедамі і падвячоркамі стараюцца забяспечваць удзельнікаў жніва повары. Кожны з іх уносіць свой важкі ўклад у агульны каравай Пастаўшчыны.
Пад будучы ўраджай
Паралельна з уборкай зерневых аграрыі нарыхтоўваюць кармы, рулоняць і звозяць з палёў салому, уносяць гліфасаты, вядуць ворыва глебы, рыхтуюць яе пад азімую сяўбу, сеюць азімы рапс. Аб’ём работ вельмі вялікі. І зноў жа іх тэмпы тармозяць дажджы і пераўвільготненая глеба. Па словах старшыні райвыканкама, у мінулыя гады восенню азімымі засявалі прыкладна 15 тысяч гектараў. Сёлета пасеяць іх на такой плошчы, напэўна, не ўдасца. Найбольшы клін азімай сяўбы — у ААТ «Камайскі-агра», толькі рапсам там запланавана заняць 1 000 гектараў. Хутчэй за ўсё, плошчы пераразмяркуюць і будзе павялічана нагрузка на іншыя гаспадаркі.
Няпростая сітуацыя з церабленнем ільну. Даўгунец вырас добры, а самаходныя церабілкі і льнокамбайны на многіх участках буксуюць або ўвогуле не ідуць. Работы накладваюцца адна на адну. На тых палях, дзе лён выцерабілі найперш, траста ўжо вылежалася. Настаў час яе рулоніць, але механізатары занятыя на церабленні. І гэту работу трэба правесці амаль на 30% плошчы.
Сяргей Чэпік, старшыня раённага выканаўчага камітэта
На палях Пастаўшчыны рупяцца працавітыя, адданыя роднай зямлі людзі. Яны наперакор цяжкасцям дабіваюцца высокіх вынікаў у рабоце. Вялікі дзякуй кожнаму! Асабліва ветэранам працы. Многія, маючы права на заслужаны адпачынак, працягваюць прыносіць карысць грамадству. Некаторыя адгукнуліся на просьбу кіраўнікоў гаспадарак і, знаходзячыся на пенсіі, селі за штурвалы камбайнаў, на трактары. Побач з вопытнымі хлебаробамі добрасумленна працуюць маладыя. Камбайнеры, вадзіцелі, аграномы, кіраўнікі гаспадарак разумеюць адказнасць за лёс вырашчанага ўраджаю, імкнуцца выкарыстоўваць кожную пагодлівую хвіліну і ўсімі сіламі ратуюць золата палёў.
Анна Анішкевіч









