Кожны агратэхнічны этап у вырошчванні льну адыгрывае сваю ролю ў атрыманні доўгага, трывалага і гладкага валакна. Механізатары Пастаўскага льнозавода распачалі першы этап — сяўбу.
Яна стартавала на пясчаных сяргеевіцкіх землях. У чацвер механізатары пераехалі на Браслаўшчыну, дзе сеюць даўгунец не першы год. Падчас майго прыезду тэхніка была згрупавана ў адным месцы. Механік прадпрыемства Аляксандр Дзісько на перыяд напружаных палявых работ садзіцца за руль бензавоза і запраўляе палівам трактары. На льнозаводзе ён працуе з восені мінулага года, але паспеў сябе зарэкамендаваць з найлепшага боку.
Асноўным сеяльшчыкам на полі за Дубраўкай быў Аляксандр Аліноўскі. Перад тым як пусціць сеялку, дасканала праводзіцца перадпасяўная апрацоўка глебы. На гэтай рабоце занятыя Анатолій Гутар на трактары на гусенічным хаду, Андрэй Маісееў на новым «Кіраўцы» з новай бараной і Ігар Аношка.
Поле таксама неабходна ачысціць ад камянёў. На трактары з каменепадборшчыкам працуе малады механізатар Максім Ганчар. На льнозавод ён уладкаваўся невыпадкова: тут даўно працуе яго бацька Сяргей. Яшчэ падчас вучобы ў Пастаўскім дзяржкаледжы хлопец на прадпрыемстве праходзіў вытворчую практыку, працаваў і на канікулах. Атрымаўшы спецыяльнасць, адслужыў тэрміновую службу і восенню мінулага года ўліўся ў калектыў. Трактару Максіма тры гады, і заўважыць яго можна здалёк — на ім развяваецца беларускі сцяг. Дырэктар ільнозавода Алёна Юрынёнак работай маладога механізатара задаволеная.
— Максіму ёсць у каго вучыцца і з каго браць прыклад, — гаварыла Алёна Дмітрыеўна. — Большасць нашых механізатараў — універсальныя спецыялісты, выконваюць розныя працэсы, звязаныя з вырошчваннем даўгунцу. Пры неабходнасці яны могуць замяніць адзін аднаго.
Наперадзе доўгі працэс вырошчвання льну. Якім ён вырасце, пакажа час. Ільнозавадчане настроеныя на тое, каб лён быў доўгім і шаўкавістым.
Удабрэнні пад сяўбу ўносіць Іван Загурскі. Насенне падвозіць вадзіцель Віктар Субач.
У полі я была са старшынёй райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Васіліем Катовічам. Ён цікавіўся забяспечанасцю механізатараў спецадзеннем, гарачым харчаваннем. На прадпрыемстве працуе свая сталовая. Ільнозавадчане маюць магчымасць харчавацца ў ёй круглы год. Для задзейнічаных на палявых работах абеды дастаўляюцца ў поле.
Анна Анішкевіч



