Фоторепортаж: В Поставах прошла сельскохозяйственная ярмарка

Главное Сельское хозяйство

Ноччу з суботы на ня­дзелю пайшоў дождж. Падумала: калі ён прадоўжыцца і раніцай, то перашкодзіць кірмашу, аб’яўленаму ў райцэнтры на гэты дзень. Аднак спыніўся, і рыначную плошчу запоўнілі прадаўцы і пакупнікі. Зрэшты, найбольш тавару сканцэнтравалася не на плошчы, а на прылеглай да яе вуліцы. Чаго тут толькі не было: бульба, зерне, капуста, морква, буракі, памідоры, перцы, цыбуля, часнок, гарбузы!

Сваю прадукцыю прывезлі садаводы, агароднікі і фермеры не толькі з нашага раёна, але і з суседніх. Яны ж прапаноўвалі вялікі выбар саджанцаў пладовых дрэў, ягадных і дэкаратыўных кустарнікаў. Пастаўскі філіял Віцебскага аблспажыўтаварыства прывабліваў мяснымі вырабамі ўласнай вытворчасці, таксама прапаноўваў агародніну, рыбгас «Навінкі» — свежую рыбу. Але найбольшая чарга стаяла па варапаеўскія булачкі.

Асобна трэба сказаць пра сельгаспрадпрыемствы. Усе, акрамя ААТ «Янавіца-агра» (гэта гаспадарка прадавала зерне ў Лынтупах), прывезлі на кірмаш зерне і прадалі яго ў агульнай колькасці 13 тон. Яно разышлося вельмі рана, і ўжо на пачатку дзявятай гадзіны на рынку заставаліся толькі навасёлкаўцы з бульбай. А пакупнікі шукалі зерне… Дарэчы, пра бульбу. Сёлета яна ўрадзіла выдатна, і на кірмашы яе было хоць засыпся. Прычым па цане, таннейшай, чым летась: за кілаграм прасілі 55-60 капеек.

На афіцыйным адкрыцці кірмашу яго ўдзельнікаў прывітаў першы намеснік старшыні райвыканкама Генадзій Лютынскі. Ён расказаў пра вынікі жніва, назваў прозвішчы камбайнераў, якія найбольш вызначыліся на ім, пажадаў прысутным удачных пакупак і добрага настрою. А яго стваралі ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці не толькі з райцэнтра, але і з Валкоў, Дунілавіч, Парыжа, Гуты.

Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.