В гармонии живет семья пенсионеров Николая и Янины Татариных из д. Рудевичи

Общество

«Прыедзьце ў Рудзевічы — убачыце, у якой прыгажосці жыве сям’я вясковых пенсіянераў Мікалая і Яніны Татарыных!» — паступіла ў рэдакцыю чарговая падказка ад чытачоў.

І сапраўды, у прыгажосці. У маленькай вёсачцы, што за два кіламетры ад Навасёлак, іх сядзіба ўзорная: дом абшыты сайдынгам, на ўсіх 10 вокнах — шклопакеты, агароджа з металапрофілю, альтанка, дагледжаныя гаспадарчыя пабудовы. Не менш уражвае і інтэр’ер. У доме пяць пакояў і кухня. Ва ўсіх зроблены ідэальны рамонт, усе абстаўлены сучаснай мэбляй. Яшчэ адна «фішка» — утульная лазенька пад адным дахам з жылымі пакоямі.

— Напэўна, лазенька мяне найбольш і прывабіла, — гаварыла Яніна Браніславаўна. — А мужа — тое, што было дзе складваць сена каровам на зіму. Мы жылі ў чатырохпакаёвай кватэры ў Навасёлках. Трымалі шмат скаціны, у тым ліку дзвюх кароў. Я прывозіла гаспадарам гэтага дома масла, смятану, і мне тут вельмі падабалася. Калі гаспадароў забрала дачка да сябе ў Маладзечна і дом прадаваўся, угаварыла мужа купіць яго.

Было гэта ў 1995 годзе. За дом прасілі 3 тысячы долараў. Такіх грошай у сям’і, у якой расло трое дзяцей, не было. Звярнуліся па дапамогу да старшыні калгаса імя Суворава Алега Валодзькі. Гаспадарка выдала беспрацэнтную пазыку. А калі пазней Татарыны вырашылі прадаць сваю кватэру, Алег Адольфавіч прапанаваў іншы варыянт — абмяняць яе на дом і такім чынам пагасіць пазыку. Што і было зроблена.

В гармонии живет семья пенсионеров Николая и Янины Татариных из д. Рудевичи

— Мы ўклалі ў дом шмат сіл і сродкаў, таму і змяніўся ён непазнавальна, — расказвалі гаспадары. — Нікога не наймалі, усё зрабілі сваімі рукамі. Асабліва шмат — малодшы сын, Віця.

Віктар з жонкай і двума дзецьмі жыве ў Мінску, працуе аўтаэлектрамеханікам. У яго двухпакаёвая кватэра ў сталіцы і катэдж за 5 кіламетраў ад Жодзіна. Старэйшы сын, Аляксандр, працаваў на сырзаводзе, які дзейнічаў на тэрыторыі «Салаўінага гаю». Атрымаў ад былога калгаса імя Суворава ў Навасёлках двухпакаёвую кватэру, у якой жыве з жонкай і зараз. Працуе вахтавым метадам у Мінску будаўніком. А вось сярэдні сын, Коля, — боль бацькоў. Ён не мае сям’і, пастаяннага месца жыхарства, не кантактуе з роднымі. І нічога не зробіш — сам выбраў такі шлях. А можа, наканавана лёсам…

Мікалай і Яніна — ураджэнцы Докшыцкага раёна. Там і пачыналі працоўную бія­графію. У калгас імя Суворава, які славіўся далёка за межамі Пастаўшчыны, пераехалі ў 1981 годзе, атрымалі ў Навасёлках прасторную кватэру. Ён 40 гадоў (з іх 10 на пенсіі) адпрацаваў у гаспадарцы на гусенічным трактары, яна — поварам у дзіцячым садку.

— Укалвалі толькі так! Ні выхадных, ні водпускаў механізатары не мелі, — узгадваў той час Мікалай Іванавіч. — У канцы года атрымлівалі кампенсацыю. У гарачую пару з поля вярталіся дадому апоўначы, а ў чатыры раніцы — пад’ём і зноў на трактар!

— А мы з Ядзяй Рубан ежу гатавалі не толькі для дзяцей у садку, але і для хворых, якія ляжалі ў навасёлкаўскай бальніцы. А калі яе закрылі, я пайшла на ферму і 17 гадоў даіла кароў, — дадае Яніна Браніславаўна.

Добра, што цяперашняе кіраўніцтва ААТ «Навасёлкі-Лучай» не забывае ветэранаў працы. У мінулым месяцы і Мікалаю, і Яніне споўнілася 70 гадоў. З нагоды юбілею зладзілі ў доме свята, на якое запрасілі родных, аднавяскоўцаў, сяброў. Павіншаваць юбіляраў прыехалі з цёплымі словамі і падарункамі старшыня Навасёлкаўскага сельскага Савета Дзіяна Пякарская (Яніна Браніславаўна з’яўляецца старэйшынам вёскі) і намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце ААТ «Навасёлкі-Лучай» Славамір Шапель.

— Нават феерверкам адзначылі мы свае 140! — гаварыла гаспадыня. — А налета ў нас зноў юбілей — 50 гадоў, як пажаніліся. Успамінаю, як перад вяселлем паехала да роднай цёткі і сказала, што выходжу замуж за Колю Татарына. А яна здзівілася, не зразумеўшы, што гэта прозвішча, а не нацыянальнасць: «Няўжо беларусаў мала? Знайшла ж татарына…»

— І стала татарачкай, — смяецца Іванавіч, пяшчотна гледзячы на сваю палавінку.

— Харошы мой Коля, — гаварыла Браніславаўна. — Я моцна хварэла, а таксама рабіла аперацыю на вочы, дык ён мяне вельмі шануе: і сняданак у ложак прынясе, і падлогу памые, і ў іншых гаспадарчых справах дапаможа.

Ну як не парадавацца за такую сям’ю?

Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.