У мінулую суботу ў Пастаўскім дзяржаўным каледжы завяршыўся прыём дакументаў на атрыманне прафесійна-тэхнічнай адукацыі, які паставіў кропку ва ўступнай кампаніі ў гэтай навучальнай ўстанове. Як яна прайшла, карэспандэнт «ПК» Алена Шапавалава пацікавілася ў дырэктара Сяргея Шамовіча.
— Сяргей Сцяпанавіч, якімі былі тэрміны ўступнай кампаніі ў каледж і ці ўдалося выканаць кантрольныя лічбы прыёму навучэнцаў?
— На ўзровень прафесійна-тэхнічнай адукацыі дакументы мы прымалі з 15 чэрвеня па 23 жніўня, сярэдняй спецыяльнай — з 18 ліпеня па 1 жніўня. Гэта што датычыць вочнікаў. Акрамя іх, набралі групу на завочнае платнае аддзяленне ўзроўню ССА па спецыяльнасці «Бухгалтарскі ўлік, аналіз і кантроль». Там дакументы можна было падаць з 18 ліпеня па 1 жніўня. Усяго ў наш каледж сёлета паступіў 151 чалавек пры плане набору 142.
— Раскажыце, каго будзеце рыхтаваць у гэтым навучальным годзе.
— На базе сярэдняй адукацыі мы сфарміравалі дзве групы па 25 чалавек будучых тэхнікаў-механікаў і повараў 5-га разраду. На кваліфікацыю «Бухгалтар» было выдзелена ўсяго 15 месцаў, на якія прэтэндавалі 24 чалавекі, таму сярод іх быў даволі сур’ёзны конкурс.
Самыя ж шматлікія нашы групы — узроўню ПТА на базе агульнай адукацыі. Іх будзе тры. Адна — гэта навучэнцы, якія пасля заканчэння каледжа атрымаюць «корачкі» слесара, трактарыста і вадзіцеля. Другая — будучыя электраманцёры, трактарысты і вадзіцелі. Яе мы набралі ўпершыню, яшчэ зімой унёсшы змяненні ў ліцэнзію на аказанне адукацыйных паслуг. І трэцяя — прадаўцы і кандытары.
Першапачаткова нам неабходна было набраць па 26 чалавек у групы з кваліфікацыямі слесара па рамонце сельскагаспадарчых машын і абсталявання і электраманцёра па эксплуатацыі размеркавальных сетак, а таксама 25 прадаўцоў і кандытараў. Але ў сувязі з тым, што заяў паступіла больш, галоўнае ўпраўленне па адукацыі Віцебскага аблвыканкама дазволіла нам павялічыць лічбы прыёму адпаведна да 30 і 26 чалавек. Такім чынам, мы ўзялі ўсіх маладых людзей, якія пажадалі вучыцца ў каледжы.
— Яшчэ некалькі гадоў назад падчас уступнай кампаніі кіраўніцтва каледжа непакоілася, ці ўдасца набраць дастатковую колькасць навучэнцаў і сфарміраваць вучэбныя групы. Чаму зараз няма праблем, нават павялічылі прыём?
— У апошні час мы актывізавалі прафарыентацыйную работу. Займаемся ёю пастаянна, у тым ліку ў інтэрнэт-прасторы. У нас ёсць свой акаўнт у ТікТок, які вельмі папулярны ў падпісчыкаў. Там выкладваем не толькі нашы афіцыйныя мерапрыемствы і моманты вучэбнага працэсу, але і паказваем жыццё ў інтэрнаце, быт навучэнцаў. Над кантэнтам працуюць педагог-арганізатар і самі навучэнцы.
Таксама праводзім дні адчыненых дзвярэй для старшакласнікаў. Рэгулярна бываем ва ўсіх школах нашага раёна, выязджаем у суседнія на прафарыентацыйныя злёты, бацькоўскія сходы. Гутарым з вучнямі і іх законнымі прадстаўнікамі, і гэта дае свой плён.
— Адкуль у асноўным да вас паступаюць?
— Сёлета каля 90 навучэнцаў — мясцовыя юнакі і дзяўчаты, астатнія — выпускнікі школ іншых раёнаў. Найбольш маладых людзей з Мядзела і Нарачы. Ёсць таксама жыхары Глыбоцкага, Браслаўскага, Шаркаўшчынскага, Мінскага раёнаў. Яны падалі дакументы пераважна на спецыяльнасць, у якую ўваходзіць тэхнічнае абслугоўванне і рамонт абсталявання электрычных станцый і сетак. Сярэдні бал атэстата залічаных на яе практычна роўны сярэдняму балу тэхнікаў-механікаў, дзе ён заўсёды вышэйшы, чым на ўзроўні ПТА.
Карыстаючыся магчымасцю, хачу падзякаваць кіраўніцтву Глыбоцкіх электрычных сетак, з якімі мы падпісалі дагавор аб супрацоўніцтве. Прадстаўнікі прадпрыемства былі з намі ва ўсіх школах, куды ездзілі з прафарыентацыйнай мэтай. Самастойна агітавалі паступаць у наш каледж выпускнікоў суседніх раёнаў, давалі ім мэтавыя накіраванні. Новую спецыяльнасць мы адкрылі па іх ініцыятыве, паколькі зараз катастрафічна не хапае электраманцёраў, і цяпер яны дапамагаюць нам абсталёўваць вучэбную лабараторыю. Таксама дамовіліся аб праходжанні навучэнцамі на базе раёнаў электрычных сетак вытворчай практыкі.
Вельмі шмат заявак атрымліваем і на повараў і прадаўцоў. Асабліва патрабуюцца прадаўцы, прычым не толькі Пастаўскаму філіялу Віцебскага аблспажыўтаварыства, але і гандлёвым сеткам «Дабраном», «Еўраопт», «Капеечка». Яны гатовы прыняць нашых навучэнцаў на практыку, выдаць мэтавыя дагаворы выпускнікам школ. Падчас сёлетняй уступнай кампаніі мы найбольш перажывалі за групу «Прадавец, кандытар»: баяліся, што не набяром у яе навучэнцаў, бо гэтыя спецыяльнасці не карыстаюцца папулярнасцю ў абітурыентаў. На наступны год будзем думаць над тым, каб дабавіць сюды якую-небудзь новую сучасную спецыяльнаць.
— Паколькі вы набралі навучэнцаў больш, чым збіраліся, і сярод іх шмат іншагародніх, ці ўсіх змаглі пасяліць у інтэрнаце?
— Абсалютна ўсе, каму патрабаваўся дах над галавой, яго атрымалі. Наш каледж разлічаны на 770 навучэнцаў. Сёння іх крыху больш за 450, таму свабодных пакояў у інтэрнаце дастаткова. Як і ў мінулыя гады, за лета зрабілі ў ім касметычны рамонт, набылі неабходнае з бытавога абсталявання. Праведзены рамонт і ў вучэбных класах і лабараторыях. Новы навучальны год мы пачнём з добрым настроем і ў поўнай гатоўнасці.

