6—7 сентября г. Лида принимал День белорусской письменности

Культура

Кожны год у першую нядзелю верасня наша краіна адзначае асаблівае свята — Дзень беларускага пісьменства. Сёлета яго сталіцай стаў старажытны горад Ліда на Гродзеншчыне, дзе гарманічна спалучаюцца глыбокая даўніна і хуткаплынная сучаснасць. 6—7 верасня тут фактычна адбыўся фестываль слова,
які сабраў разам пісьменнікаў, паэтаў, выдаўцоў, навукоўцаў, студэнтаў і ўсіх аматараў беларускай мовы і літаратуры. Горад ператварыўся ў адкрытую пляцоўку для творчасці, дыскусій і сустрэч.

6—7 сентября г. Лида принимал День белорусской письменности

Мне ў складзе дэлегацыі Віцебскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, якую ўзначальвала яе старшыня Таццяна Краснова-Гусачэнка, давялося наведаць урачыстасць і паўдзельнічаць ў некаторых мерапрыемствах. Адразу хачу адзначыць выдатную арганізацыю святочных мерапрыемстваў, праграма якіх была вельмі насычанай. Асноўнай прасторай для ўрачыстасцей стаў гістарычны цэнтр горада, у якім магутнай дамінантай з’яўляецца старажытны адноўлены замак. Таксама былі ўзведзены дзве вялікія сцэны-амфітэатры і арганізавана шмат пляцовак, дзе выступалі прафесійныя і самадзейныя артысты, фальклорныя калектывы, дарэчы, з вельмі высокім узроўнем выканальніцкага майстэрства.

6—7 сентября г. Лида принимал День белорусской письменности

Па вуліцах размяшчалася шмат гандлёвых палатак і намётаў. У іх гасцям свята прапаноўваліся розныя вырабы прадпрыемстваў не толькі лідскага краю, але і розных куткоў Беларусі, а таксама шматлікіх прыватных прадпрымальнікаў. Але цэнтральнае месца ў гэтым вялікім намётавым «горадзе» займалі палаткі, у якіх ладзіліся розныя творчыя імпрэзы: выставы, канцэрты, прэзентацыі. Сёлета, у адрозненне ад папярэдніх гадоў, кожнай абласной пісьменніцкай арганізацыі была вылучана абсталяваная пляцоўка з мікрафонам і міні-залай. Пісьменнікам падчас свята давялося даволі напружана папрацаваць: на працягу двух дзён амаль бесперапынна праводзіліся сустрэчы з чытачамі, на якіх яны дзяліліся сваімі думкамі, чыталі новыя творы, адказвалі на пытанні. Так, аўтар гэтых радкоў правёў чатыры выступленні, на якіх прэзентаваў свае новыя кнігі, прачытаў шмат вершаў з апошніх зборнікаў «Астравы існасці» і «Рубаі беларускія».

6—7 сентября г. Лида принимал День белорусской письменности

Традыцыйна адным з галоўных цэнтраў прыцягнення быў кніжны кірмаш, дзе можна было набыць кнігі на любы густ — ад класікі да сучасных бестселераў, ад дзіцячай літаратуры да навуковых выданняў.

Галоўнай падзеяй святочных мерапрыемстваў стала ўрачыстае адкрыццё Дня беларускага пісьменства. Прывітальнае слова ад Прэзідэнта Беларусі зачытала намеснік Прэм’ер-міністра Наталля Пяткевіч. З прамовамі да ўдзельнікаў свята звярнуліся міністр інфармацыі Марат Маркаў, старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Карлюкевіч і пісьменнік, ураджэнец Ліды Віктар Праўдзін.

Беларуская мова і літаратура жывуць, развіваюцца і маюць сваіх адданых прыхільнікаў.

А потым адбылася цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі 2025 года. Да апошняга моманту захоўвалася інтрыга, бо імёны пераможцаў загадзя не абвяшчаліся. У спісе прэтэдэнтаў на сёлетнюю прэмію былі і чатыры пісьменнікі з Віцебшчыны: Тамара Краснова-Гусачэнка, Вольга Русілка, Мікола Гарбачоў і я. Мая кніга «Бровар» была вылучана ў намінацыі «Найлепшы твор публіцыстыкі».

6—7 сентября г. Лида принимал День белорусской письменности

У літаратурна-музычнай кампазіцыі, якую паказалі падчас урачыстага адкрыцця свята, прагучала шмат беларускіх песень і вершаў. Узгадалі ў ёй і класіка беларускай літаратуры з Пастаўшчыны Уладзіміра Дубоўку.

Свята не абмяжоўвалася толькі літаратурнымі падзе­ямі. На вуліцах і плошчах горада гучала музыка, выступалі творчыя калектывы, дэманстраваліся тэатральныя пастаноўкі. Былі арганізаваны выставы народных майстроў, майстар-класы, гульні і забавы для дзяцей і дарослых.

Дзень беларускага пісьменства ў Лідзе стаў яркім сведчаннем таго, што беларуская мова і літаратура жывуць, развіваюцца і маюць сваіх адданых прыхільнікаў. Гэта падзея, якая натхняе на далейшую працу па захаванні і папулярызацыі роднай мовы, павышэнні цікавасці да беларускай літаратуры і культуры.

Ігар Пракаповіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.