Народная студыя «Майстры» пры Пастаўскім Доме рамёстваў «Стары млын» адзначыла сваё 35-годдзе

Культура

У мінулую сераду сваё 35-годдзе адзначыла народная студыя «Майстры» пры Пастаўскім Доме рамёстваў «Стары млын». З нагоды юбілею кіраўнік аб’яднання Алена Крывенькая з дапамогай калег арганізавала выставу творчасці «Майстроў», запрасіўшы на яе адкрыццё аўтараў работ.

Коўдры ў тэхніцы абрэзкавага шыцця, звязаныя кручком карункавыя сурвэткі, маляваныя і вышытыя карціны, габелены, тканыя дарожкі і паясы, самаробныя мяккія цацкі і традыцыйныя народныя лялькі, керамічныя, сплеценыя з саломкі, выразаныя з дрэва і зваленыя з воўны вырабы… Усё, што размясцілася ў дзвюх выставачных залах Дома рамёстваў, цяжка нават пералічыць.

Народная студыя «Майстры» пры Пастаўскім Доме рамёстваў «Стары млын» адзначыла сваё 35-годдзе

— Для нашай студыі сёння асаблівы, трапятлівы і радасны, дзень, — адзначыла, адкрываючы выставу, Алена Крывенькая.35 гадоў не проста лічба. За ёй —  вялікая колькасць майстроў, чые вочы загараюцца кожны раз, калі аўтары расказваюць пра свае новыя работы, і чые рукі засяроджана і ўпэўнена ствараюць прыгажосць. Студыя «Майстры» носіць гордае званне народнай. І гэта не ўзнагарода, а прызнанне таго, што наша творчасць жыве ў народзе, для народа і дзякуючы народу.

Народная студыя «Майстры» пры Пастаўскім Доме рамёстваў «Стары млын» адзначыла сваё 35-годдзе

Узгадаўшы, што тры з паловай дзесяцігоддзі назад усё пачыналася з некалькіх энтузіястаў, іх жадання аб’яднацца для таго, каб тварыць і дэманстраваць вынік сваёй працы іншым, кіраўнік студыі запрасіла да мікрафона Іосіфа Атрахімовіча, Віктара Шашуру і Таццяну Петух, якія стаялі ля вытокаў «Майстроў». Яны расказалі прысутным пра тое, як стварылі тады яшчэ аматарскі клуб, яго першыя крокі, успомнілі людзей, разам з якімі адра­джалі народныя рамёствы.

Народная студыя «Майстры» пры Пастаўскім Доме рамёстваў «Стары млын» адзначыла сваё 35-годдзе

На мерапрыемстве прысутнічалі і іншыя ветэраны студыі — Леанарда Іванова і Яніна Ліманоўская. Ім, як і выступоўцам, пад апладысменты ўручылі кветкі.

— Мы ганарымся тым, што чатыры нашы майстры — Таццяна Петух, Вольга Гукава, Крысціна Брэская і Сяргей Шчэрба — увахо­дзяць у Беларускі саюз майстроў народнай творчасці, а двум з іх — Таццяне Мікалаеўне і Вользе Мікалаеўне — прысвоена званне «народны», — працягвала кіраўнік аб’яднання. — На жаль, час няўмольны і некаторых калег ужо няма на гэтым свеце. Адышлі ў нябыт Жанна Глабенка, Алена Аўраменка, Аляксандр Гарошка, Мар’ян Аўгусціновіч. Але яны працягваюць жыць у сваіх работах і нашых сэрцах, а іх творчы шлях назаўсёды застанецца ў гісторыі студыі.

Народная студыя «Майстры» пры Пастаўскім Доме рамёстваў «Стары млын» адзначыла сваё 35-годдзе

Разам з тым кожны год рады творчага аб’яднання папаўняюцца новымі майстрамі. Нядаўна ў яго ўступілі Марыта Абанокава, якая займаецца керамікай, і Ірына Шалугіна, захопленая вырабам і роспісам пернікаў. Марыта, акрамя таго, выдатна грае на цікавым музычным інструменце — хангу. Сваё майстэрства яна прадэманстравала прысутным, якія засталіся ў захапленні ад дзіўнай мелодыі і гуказдабывання, а потым самі апрабавалі інструмент. Ірына ў сваю чаргу правяла майстар-клас па роспісе пернікаў, і ён таксама выклікаў вялікі інтарэс у гасцей.

Адкрыццё выставы стала цёплай сустрэчай і абменам вопытам сяброў. У канцы мерапрыемства самыя актыўныя члены студыі атрымалі падзякі за ўдзел у выставах і конкурсах.

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.