Андрей Мурзич и его дочь Александра вместе работают в лесном хозяйстве

Общество

Андрэй Мурзіч – майстар лесу Старадворскага лясніцтва. Працуе тут 29 гадоў. Са жніўня ў калектыве Пастаўскага лясгаса і дачка Аляксандра. А яе сястра Ксенія сёлета стала першакурсніцай Полацкага дзяржаўнага ляснога каледжа.

Я доўгі час працаваў вальшчыкам лесу, лесніком, а год назад гэту пасаду перайменавалі ў майстра лесу, — расказваў Андрэй. — Зацікавіліся лясной сферай і малодшыя дочкі. Ёсць нямала прафесій, якія заўсёды будуць актуальнымі, і наша ў іх ліку. У работнікаў лесу клопатаў хапае заўсёды. Плошчы, на якіх лес высякаем, аднаўляюцца. Маладыя насаджэнні патрабуюць догляду, каб іх не заглушыла пустазелле і хмызнякі. Там, дзе пасадкі не прыжыліся, праводзім дапаўненне лясных культур. Потым на працягу не аднаго дзесяцігоддзя клапоцімся пра тое, каб маладыя дрэўцы раслі, у іх фарміравалася належная крона і драўніна.

У Андрэя Мурзіча і яго жонкі Вольгі, якая працуе ў сацыяльнай службе, пяцёра дзяцей. Дзяніс скончыў Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт. Жыве ў Віцебску, падарыў бацькам унучка. Ева — прадавец магазіна «Копеечка» ў Паставах. Аляксандру з маленства цягнула да тэхнікі. Таму і выбрала сабе прафесію, з ёй звязаную. Дзяўчына вывучылася на механізатара ў Пастаўскім дзяржаўным каледжы. Згадзіцеся, бачыць жанчыну за рулём легкавіка — справа прывычная. А вось за кіраваннем сельгастэхнікай?

Андрей Мурзич и его дочь Александра вместе работают в лесном хозяйстве

У нашай групе былі дзве Сашы: я і дзяўчына з Браслава, — расказвала Аляксандра Мурзіч. — У вучобе мы стараліся ні ў чым не саступаць хлопцам: унікалі ва ўстройства сельскагаспадарчай тэхнікі, вучыліся па-майстэрску кіраваць ёй. А дапамагаць тату рамантаваць тэхніку, раскруч­ваць і закручваць гайкі, балты — для мяне кайф.

Практыку дзяўчына праходзіла ў Пастаўскім лясгасе. Сюды прыйшла і на сваё першае рабочае месца. Яе накіравалі ў гадавальнік. На трактары арэ, культывуе глебу, уносіць удабрэнні, гру­зіць і вывозіць апалае лісце, спілаваныя галіны дрэў, выконвае іншыя работы.

Мяне вельмі цёпла прынялі ў калектыве, — дзялілася дзяўчына. — А падтрымка на першым часе — гэта вельмі важна.

Саша — мэтанакіраваная, старанная, — характарызаваў дзяўчыну начальнік гадавальніка Пастаўскага лясгаса Аляксей Барысаў. — Вырашылі, што ў хуткім часе будзем вучыць яе працаваць на трактары з саджалкай. Работа няпростая, але, упэўнены, у Сашы ўсё атрымаецца.

У пачатку верасня Аляксандра і яе бацька залічаныя на вучобу на завочнае аддзяленне Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага каледжа . З панядзелка ў завочнікаў пачалася сесія. За Сашу з Андрэем хвалююцца калегі і родныя, у тым ліку і наймалодшая ў сям’і — Соня, якая вучыцца ў 9 класе і ўжо задумваецца пра выбар прафесіі.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.