Анжаліка Гарбаценка – майстар лесу Камайскага лясніцтва. Гэта яе першае рабочае месца.
— Любоў да прыроды ў мяне з дзяцінства, — расказвала Анжаліка. — З выбарам прафесіі канчаткова вызначылася пасля таго, як старэйшая сястра Ангеліна скончыла Полацкі дзяржаўны лясны каледж і ўладкавалася майстрам лесу ў Камайскае лясніцтва. Шляхам сястры пайшла і я.
Пры размеркаванні ў Анжалікі было больш за 130 месцаў на выбар. Ёй захацелася працаваць у Пастаўскім лясгасе, дзе праходзіла і вытворчую практыку. У Паставах яе дом і родныя. Дзяўчына любіць сваю малую радзіму і хоча прыносіць ёй карысць. А асвойваць прафесію дапамагаюць калегі.
— Працую пад кіраўніцтвам ляснічага Сяргея Рублевіча, — працягвала дзяўчына. — Маім непасрэдным настаўнікам з’яўляецца майстар лесу Андрэй Рымаш. Хоць тэарэтычныя веды ў каледжы атрымала грунтоўныя, на практыцы часам узнікаюць пытанні. Вопытныя калегі заўсёды падказваюць, накіроўваюць.
Майстар лесу Анжаліка Гарбаценка адказная за квартал лесу, размешчаны ў наваколлі вёсак Свіраны і Лапінцы. Яе абавязкі — адвод лесасек, праверка працэсу нарыхтоўкі і вывазу лесаматэрыялаў, прыём платы за набытыя дровы, вядзенне дакументацыі. А яшчэ разам з калегамі ахоўвае зялёныя насаджэнні ад пажараў і незаконных высечак, займаецца лесааднаўленнем і інш.
У лес дзяўчына звычайна адпраўляецца з наборам неабходных інструментаў. Калі адпускае дровы, бярэ з сабой міні-прынтар, падключаны да мабільнага тэлефона, на якім раздрукоўвае чэк уліку драўніны для вывазкі. Для нанясення маркіроўкі на драўніну карыстаецца спецыяльным малатком, для замеру нарыхтаваных кубаметраў — рулеткай.
— Для кагосьці паход у лес — адпачынак, а для мяне і маіх калег — месца няпростай, але любімай працы. Ад адказнага выканання прафесійных абавязкаў кожным з нас залежыць жыццё лесу, яго насельнікаў, чалавека. І гэта мой асэнсаваны выбар, — падсумавала Анжаліка.
Анна Анішкевіч

