Чэмпіянат беларусі па футболе
Датэрмінова ў плэй-оф
Апошнімі ў верасні завяршылі на Віцебшчыне рэгіянальны этап першынства 2-й лігі ў трэцяй групе “С” футбалісты ФК “Ліёзна”. Яны на сваім полі ў двух перанесеных матчах перамаглі спачатку (4:2) “Дзвіну” (Бешанковічы), а затым адолелі з лікам 4:1 ФК “Шаркаўшчына”і набралі 16 ачкоў. Але гэтага лёзненцам хапіла толькі для 5-га выніковага месца. Тым часам у мінулыя выхадныя на праходзячым групавым рэспубліканскім раўндзе ў 3-м туры выявіліся некалькі каманд, якія датэрмінова прабіліся ў наступную стадыю 1/8 фіналу.
У падгрупе “Г” такая магчымасць была ў прамежкавага лідара – “Полацка-2019”, які на родным стадыёне “Спартак” сустракаўся з грознымі сталічнымі “Крумкачамі”. Аднак палачане слаба згулялі ў першым тайме, тройчы прапусцілі. Пасля перапынку каманда з горада над Дзвіной прыбавіла, скараціла адставанне ў ліку да мінімума, але ўсё ж саступіла мінчанам з лікам 2:4. У гэтай групе Полацк апусціўся на 2-е прахадное месца і можа выйсці з яе, калі пераможа дома дублёраў ФК “Маладзечна”. А вось новы чэмпіён і ўладальнік Кубка вобласці – ФК “Міёры” – з пастаўчанінам Уладзімірам Камісарчуком апынуўся ў складаным становішчы пасля разгрому (1:5) ад рэзервістаў “Тарпеда-БелАЗ-2”. У наступныя выхадныя міёрцаў у Мінску чакая цяжкая сустрэча супраць “Крумкачоў”.
У групе “В” першую пуцёўку ў наступны этап турніру ў прыгожым стылі заваяваў ФК “Віцебск-2”, які абыграў з лікам 3:0 на галоўным полі ЦСК “Віцебскі” землякоў – віцэ-чэмпіёна вобласці з “Газавіка”. Такога ж поспеху дабіліся іншыя фаварыты лігі: ФК “Салігорск” пасля перамогі з лікам 3:1 на выездзе ў Мастах і “Энергетык-БДУ” (Мінск), які пераканаўча (5:0) абыграў “Надзею” (Баранавіцкі р-н). На праход далей прэтэндуюць яшчэ некалькі моцных каманд: “Стэнлес” (Пінск) – “Лясгас” (Гомель) – 2:2, “Кронан” (Стаўбцы) – “Днепр-2” (Магілёў) – 1:2, ФК “Гарадзея” – “МЛ-Віцебск-2” – 1:6, “Спадарожнік” (Смалявічы) – “Нафтан-2” (Наваполацк) – 3:0, ФК “Горкі” – “Днепр” (Рагачоў) – 0:5.
На здымку: востры момант ля варот ФК “Сянно”, які пастаўчане сёлета двойчы перамаглі.
Уладзімір Шык
Фота Антона Чаляя

