Чэмпіянат Беларусі па футболе
На сустрэчных курсах
ФСК «Паставы»–«Колас» (Чэрвень) – 1:3
У чарговым туры фінальнага рэспубліканскага групавога этапа 2-й лігі пастаўчане змагаліся з адной з наймацнейшых каманд Міншчыны, якая ў 2021 годзе выйграла Кубак рэгіёнаў Беларусі, а пазней гуляла на еўрапейскім ўзроўні ў турніры пад эгідай UEFA. На цікавы матч прыйшло амаль 350 гледачоў, сярод іх і кіраўнік раёна Сяргей Чэпік. Гульня пачалася з абмену вострымі атакамі, а на 28-й хвіліне сапернік выйшаў наперад — 0:1.
Пастаўчане хутка адыграліся. Падчас вуглавога абаронца чэрвеньцаў згуляў рукой, а прызначаны пеналькі бездакорна рэалізаваў наш апорнік Дзмітрый Кундра — 1:1. У другім тайме сітуацыя на полі змянілася: больш вопытны сапернік завалодаў гульнявой ініцыятывай. На апошнім рубяжы ў нашых надзейна дзейнічаў варатар Андрэй Чашун. Пару разоў пастаўчане маглі выйсці наперад, але заключным ударам Уладзіміра Камісарчука не хапіла дакладнасці. За гэта чэрвеньцы нашу каманду ў канцоўцы пакаралі. Спачатку на 72-й хвіліне ва ўпор расстраляў вароты 34-гадовы паўабаронца, майстар спорту Дзмітрый Тамела — 1:2. Ён жа за 5 хвілін да заканчэння матча па-майстэрску рэалізаваў пенальці.
Саступілі больш моцнаму саперніку Чашун, Маршын, Голубеў (к, Галяш), Жылевіч, Касенка, Баранаў, Камісарчук, Кундра, Вілейта (Івашкоў), Каралёнак (Чатовіч), Чалей (Дзеўгуць). У нашай групе «А» прамежкавымі лідарамі з 6 ачкамі сталі ФК «Міёры» і ФК «Віцебск-2», якія перайгралі адпаведна (4:0) і (6:1) дубль наваполацкага «Нафтана» і нашага наступнага саперніка — ФК «Горкі».
У Горках пастаўчане ў 3-м туры згуляюць 19 кастрычніка, затым паедуць у Віцебск. Іншыя прадстаўнікі Прыдзвіння ў групавым раўндзе згулялі так: «Полацк-2019»—«Друць» (Бялынічы) — 3:2, «Газавік» (Віцебск)—«МЛ «Віцебск-2» — 0:2.
Уладзімір Шык

