Гибель людей от внешних причин: ситуация на Поставщине и что делается для ее исправления

Общество

Гібель людзей ад знешніх прычын — на пажарах, у выніку ДТЗ, атручэння алкаголем, забойстваў, самазабойстваў, утаплення — працяглы час займае высокае 3-е месца ў структуры смяротнасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь. Гэта вострая сацыяльная праблема. Надзвычай актуальная яна і для Пастаўскага раёна, у сувязі з чым на мінулым тыдні пытанне гібелі людзей ад знешніх прычын было разгледжана на пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта.

Пра сітуацыю, якая склалася на Пастаўшчыне, і тое, што робіцца для яе выпраўлення, карэспандэнт «ПК» Алена Шапавалава гутарыць з намеснікам старшыні райвыканкама Станіславам Чымбургам.

Гибель людей от внешних причин: ситуация на Поставщине и что делается для ее исправления

— Станіслаў Ула­дзіміравіч, чаму, на вашу думку, гінуць жыхары нашага раёна і якая ў нас статыстыка?

— Асноўная прычына гібелі людзей — п’янства і алкагалізм. Толькі з пачатку бягучага года на тэрыторыі Пастаўскага раёна ад розных знешніх фактараў загінулі 24 чалавекі. 6 з іх развіталіся з жыццём у выніку атручэння алкаголем, 4 скончылі яго самагубствам, 8 загінулі на пажарах, 1 — у выніку дарожна-транспартнага здарэння, 5 утапіліся.

Найбольшы рост гібелі людзей — на пажарах. За восем месяцаў 2025 года ў нас адбылося 28 пажараў, тады як за аналагічны перыяд летась — 21, і на іх у мінулым годзе загінулі толькі 2 чалавекі. Па колькасці пажараў на 10 тысяч насельніцтва ўдзельны паказчык у раёне складае 9,0 пры сярэднеабласным 6,0. Па колькасці загінулых на 100 тысяч — 25,8, што таксама намнога больш, чым у сярэднім па вобласці (5,7). Адзначу, што ўсе загінулыя знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення, а пажары адбыліся з прычын неасцярожнага абыходжання з агнём, парушэння правіл эксплуатацыі печаў, электрасетак і электраабсталявання. Часта да іх прыводзяць няўважлівасць і грэбаванне правіламі пажарнай бяспекі, асабліва з боку пажылых людзей.

— Што робіцца для змяншэння колькасці пажараў і загінулых на іх?

— На Пастаўшчыне дзейніча­юць 9 аглядавых камісій па пытаннях папярэджання гібелі людзей ад знешніх прычын, у тым ліку ад надзвычайных сітуацый. У склад камісій уключаны прадстаўнікі ўсіх суб’ектаў прафілактыкі, а іх работа максімальна ахоплівае домаўладанні грамадзян сацыяльна ўразлівых катэгорый. Так, з пачатку года аглядавыя камісіі абследавалі 2 535 домаўладанняў, з іх 462 шмат­дзетныя сям’і, 47 сем’яў, у якіх дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, 1 270 адзінока пражываючых пажылых грамадзян і інвалідаў І і ІІ груп, 280 адзінокіх пажылых і інвалідаў І і ІІ груп, 292 асоб, якія найбольш схільныя да рызыкі ўзнікнення надзвычайных сітуацый — вядуць асацыяльны лад жыцця, ужываюць алкаголь, знаходзяцца на ўліках і г.д.

У залежнасці ад выяўленых праблем і патрэб катэгараваных грамадзян суб’екты прафілактыкі будуюць далейшую работу з тымі, хто знаходзіцца ў зоне рызыкі, з найбольш уразлівымі катэгорыямі, па забеспячэнні бяспекі жыццядзейнасці. У рамках міжведамаснага ўзаемадзеяння накіроўваюць інфармацыйныя пісьмы аб стварэнні бяспечных умоў пражывання катэгараваных грамадзян. Адпраўляюць пісьмы і дзецям адзінока пражываючых пажылых аб неабходнасці аказання дапамогі бацькам. Таксама падчас абследаванняў праводзіцца растлумачальная і прафілактычная работа па пытаннях бяспекі жыццядзейнасці, раздаюцца памяткі і буклеты. Грамадзянам непрацаздольнага ўзросту прапануюцца паслугі аддзялення сацыяльнай дапамогі дома Пастаўскага ТЦСАН, размяшчэнне ў аддзяленне кругласутачнага знаходжання цэнтра і на медыка-сацыяльны ложак Пастаўскай цэнтральнай раённай бальніцы. За мінулыя 8 месяцаў па выніках абследаванняў у аддзяленне сацыяльнай дапамогі залічана больш за 70 грамадзян, у аддзяленне кругласутачнага знаходжання — 5, столькі ж чалавек змешчаны на ложкі сястрынскага догляду.

— Ведаю, што сёлета ў раёне ў параўнанні з мінулагоднім больш загінулых не толькі на пажарах, але і на вадаёмах.

— На жаль, гэта так. З пачатку года ў нас утапілася на 3 чалавекі больш, чым за аналагічны перыяд летась. Асноўнай прычынай гібелі па-ранейшаму з’яўляецца падзенне ў ваду, часта абумоўленае ўжываннем алкаголю.

З мэтай прыняцця аператыўных мер па папярэджанні і недапушчэнні гібелі лю­дзей на вадзе распрацаваны графік маніторынгу водных аб’ектаў, вызначаны адказныя асобы і транспарт для арганізацыі выездаў у месцы масавага адпачынку грама­дзян каля вады, а таксама ў іншыя папулярныя ў жыхароў раёна месцы. Падчас такіх выездаў праводзяцца гутаркі з адпачывальнікамі і рыбакамі, раздаюцца прафілактычныя лістоўкі і буклеты. З мэтай выяўлення каля вады грамадзян у стане алкагольнага ап’янення супрацоўнікі аддзела ўнутраных спраў сумесна з прадстаўнікамі аддзела па надзвычайных сітуацыях, таварыства выратавання на водах, цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, лясгаса, УПЖКГ
і добраахвотных дружын кожныя выхадныя праводзяць рэйдавыя мерапрыемствы.

— Паколькі асноўная прычына гібелі людзей ад знешніх прычын — п’янства і алкагалізм, якую работу праводзяць у гэтым плане медыкі?

— Сёння на дыспансерным уліку ў Пастаўскай ЦРБ знаходзяцца 546 чалавек, з іх 544 пакутуюць ад алкагалізму, на лячэбна-прафілактычным уліку — 62 чалавекі, сярод якіх 16 непаўналетніх. За апошнія 8 месяцаў на дыспансерны ўлік узяты 42 чалавекі з устаноўленым дыягназам алкагольнай залежнасці, на лячэбна-прафілактычны — 37, у тым ліку 9 непаўналетніх, з прычыны эпізадычнага ўжывання алкаголю — 25 грамадзян. За гэты ж перыяд зняты з названых улікаў адпаведна 68 і 28 чалавек, сярод апошніх — 8 непаўналетніх.

У стацыянарных установах аховы здароўя пралечаны 17 жыхароў раёна, амбулаторна — 56, з іх 8 — ананімна. У дзённым стацыянары псіханаркалагічнага аддзялення паліклінікі лячэнне прайшлі 14 грамадзян. 19 накіраваны ў лячэбна-працоўныя прафілакторыі, 1 — у рэабілітацыйнае наркалагічнае аддзяленне Віцебскага абласнога клінічнага цэнтра псіхіятрыі і наркалогіі. Урач-нарколаг прачытаў 15 лекцый на тэму здаровага ладу жыцця, ён і іншыя медыцынскія работнікі прынялі ўдзел у 5 прафілактычных акцыях. Арамя таго, Пастаўская ЦРБ ініцыявала пытанне аб пазбаўленні дзеяздольнасці 5 грамадзян.

— А якая сітуацыя ў раёне з дарожнай бяспекай?

— Таксама не вельмі радасная, хоць у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года на Пастаўшчыне здзейснена на адно дарожна-транспартнае здарэнне менш. Сёлета іх адбылося 7. У выніку 7 чалавек атрымалі траўмы і 1, як ужо гаварыў вышэй, загінуў. Па адным ДТЗ звязана з наездам на дзікую жывёлу і пешахода ў начны час сутак, два — з парушэннем правіл праезду скрыжаванняў, тры адбыліся з удзелам аднаго транспартнага сродку. І гэта пры тым, што супрацоўнікі аддзялення ДАІ пастаянна займаюцца прафілактыкай дарожна-транспартнага траўматызму: выступаюць у працоўных калектывах, установах адукацыі і сродках масавай інфармацыі, право­дзяць спецыяльныя мерапрыемствы па кантролі за бяспекай дарожнага руху, у тым ліку з выкарыстаннем беспілотнага лятальнага апарата.

— Што можаце сказаць у цэлым пра работу суб’ектаў прафілактыкі раёна?

— Яны прымаюць максімальныя меры па папярэджанні гібелі людзей ад знешніх прычын. Але ў той жа час неабходна ўзмацніць агульную і індывідуальную прафілактычную работу ў дадзеным напрамку, асабліва з асобамі, схільнымі да злоўжывання спіртным. Таксама пастаяннага кантролю патрабуюць пытанні забеспячэння пажарнай бяспекі катэгараваных грамадзян.

Фота Наталлі Налей



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.