Коллектив льнозавода продолжает заготавливать белорусский шёлк

Сельское хозяйство

Гаспадаркі раёна завярша­юць бітву за ўраджай зерневых культур, а калектыў ільнозавода прадаўжае нарыхтоўваць беларускі шоўк. Механізатары прадпрыемства на апошніх гектарах цярэбяць лён, спецыялісты сочаць за працэсам вылежкі трасты. Яна трапіла пад шчодрыя жнівеньскія росы і ўжо дайшла да патрэбнай кандыцыі.

Ільняныя палеткі падчас кожнага тэхналагічнага працэсу па-свойму прыгожыя. Люба гля­дзець, як лён цвіце, тады блакітнае поле нагадвае неба. У залацісты колер гэта культура афаброўвае поле падчас паспявання. Прыгожа сцелюцца стужкі падчас цераблення. Цяпер траста вылежалася, і, каб яна хутчэй прасыхала, яе варочаюць, а затым скручваюць у акуратныя рулоны.

Коллектив льнозавода продолжает заготавливать белорусский шёлк

З дырэктарам завода Алёнай Юрынёнак едзем на поле за Шурпікамі. Нас сустракае аграном Таццяна Ганчарова і дакладвае, што работа ідзе без збояў. На трактарах з прэс-падборшчыкамі тут шчыруюць вопытныя механізатары Ігар Аношка, Сяргей Студзянкоў, Аляксандр Аліноўскі і яго ўнук Яўген. Хлопец сёлета скончыў Пастаўскі дзяржаўны каледж і прыйшоў у калектыў, дзе працуе дзед. У яго вучыцца майстэрству. І даволі паспяхова. Нездарма яму даверылі рулоніць трасту. Працэс няпросты, але пад крылом спрактыкаванага дзеда справа пайшла.

Няма пакуль такіх тэмпаў, як у механізатараў-асаў, але стараюся, — гаварыў Яўген. — Дзед за змену накручвае да 90 рулонаў, я — крыху больш за 50. Упэўнены, з часам усяму навучуся.

Коллектив льнозавода продолжает заготавливать белорусский шёлк

Аляксандр Аліноўскі ў красавіку атрымаў права на заслужаны адпачынак, але на пенсію не пайшоў, а застаўся на заводзе.

Мой механізатарскі шлях пачынаўся ў былой райсельгас­хіміі, — расказваў. — Калі яе ліквідавалі, уладкаваўся на льнозавод. І тут ужо амаль два дзясяткі гадоў.

Гэты механізатар задзейнічаны на самых адказных работах: вясной сее лён, восенню ўбірае. Усё выконвае якасна і аператыўна. Па выніках работы за 2020 год яму было прысвоена ганаровае званне «Чалавек года Пастаўшчыны».

Сёлета лён вырас добры. Цяпер галоўнае — убраць трасту і звезці яе ў шохі. Ільнозавадчане выкарыстоўваюць кожную пагодлівую хвіліну. Адчувальную дапамогу ім аказваюць механізатары з іншых гарадскіх прадпрыемстваў. У полі за Шурпікамі я сустрэла Аляксандра Шамовіча з ДЭУ-33.

Кіраўніцтва дарожнай арганізацыі не першы год каман­дзіруе да нас Аляксандра, — расказвала Алёна Юрынёнак. — Ён вельмі адказны і старанны, працуе з максімальнай аддачай. Удзячная і яму, і начальніку Алегу Крукоўскаму за падтрымку.

Даўгунец ільнозавадчане вырошчвалі на плошчы 1 500 гектараў. Ужо нарыхтавана 1 260 тон трасты, гэта больш чым на гэты час летась. Сярэдні яе нумар — 1. Працы ў полі яшчэ шмат. Зараз галоўнае — добрае надвор’е.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.